„Беларускі дом” растлумачыў, чаму высяляе „Хартыю’97”



Кіраўніцтва „Беларускага дома” ў Варшаве выступіла 3 траўня з заявай у сувязі з публікацыяй матэрыялу на партале charter97.org пад назвай „КГБ атакует?”.

Сайт „Хартыя`97” 2 траўня атрымаў ліст „Беларускага дома” з просьбай цягам двух-трох дзён вызваліць памяшканні, якія займае рэдакцыя. У публікацыі „КГБ атакует?” прадстаўнікі „Хартыі`97” выказалі здагадку, што гэтая просьба — правакацыі беларускіх спецслужбаў.

Пасля гэтага „Беларускі дом” прыняў заяву, у якой адзначаецца, што ад пачатку заснавання ў 2011 годзе „Беларускі дом” і фонд „Хартыя`97” маюць два асобныя офісы. Офіс БД знаходзіцца па адрасе вул. Вейска, 13/3, а офіс і рэдакцыя фонду „Хартыя`97” па адрасе вул. Маршалкоўска, 55/73.

Паводле заявы, фонд „Хартыя`97” мае вялікае памяшканне ў Варшаве на вуліцы Маршалкоўскай, якое ў 2012 годзе дапамог знайсці для рэдакцыі сайта „Хартыя`97” менавіта „Беларускі дом”. Рэдакцыя партала „Хартыя`97” заўжды знаходзілася і працавала менавіта ў гэтым памяшканні на Маршалкоўскай. „Беларускі дом” просіць кіраўніцтва фонду „Хартыя`97” вызваліць адзін пакой, які быў на працягу пяці гадоў бясплатна прадстаўлены для працы некалькіх супрацоўнікаў фонду „Хартыя`97” у „Беларускім доме” ў Варшаве на Вейскай, 13/3.

„Беларускі дом” зазначае, што застаецца адкрыты для супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі беларускімі грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку з фондам „Хартыя`97” і парталам charter97.org.

„Рашэнне праўлення „Беларускага дома” прынятае ў сувязі з пашырэннем статутнай дзейнасці арганізацыі, і мы больш не можам прадстаўляць частку памяшкання БД на патрэбы фонду „Хартыя`97”, — тлумачыцца ў заяве.

Пры гэтым кіраўніцтва „Беларускага дома” падкрэслівае, што не супрацоўнічае з беларускім КДБ і іншымі спецслужбамі іншых дзяржаваў. „Мы лічым безвыніковым любы знешні ціск на ўнутраныя рашэнні „Беларускага дома” і перакананыя, што ўмяшанні ў справы незалежнай няўрадавай арганізацыі з`яўляюцца непрымальнымі”, — адзначаецца ў заяве.

Фонд „Беларускі дом” — гэта грамадская арганізацыя, зарэгістраваная ў 2012 годзе ў Польшчы, якая дзейнічае на падставе польскага заканадаўства „Аб фундацыях” і ўласнага статута. Мэта „Беларускага дома” ў Варшаве — дэмакратычнае, адкрытае, транспарэнтнае развіццё беларускага грамадства, грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і беларускай дыяспары ва ўсім свеце, а таксама дзейнасць на карысць развіцця шматбаковых беларуска-польскіх і беларуска-еўрапейскіх стасункаў.

„Беларускі дом” у Варшаве ўзначальваюць Алесь Зарамбюк і Уладзімір Кобец.

belapan.by