Беларускі „Паланэз” павялічыў сваю дасягальнасць да 300 км



Сёлета ў Беларусі плануецца пачаць выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агню В-300 „Паланэз” з далёкасцю паражэння да 300 км. Пра гэта 27 студзеня журналістам паведаміў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, які правёў пасяджэнне калегіі ведамства.

Паводле слоў Гурулёва, сёлета стаіць задача давесці ступень лакалізацыі пры вытворчасці РСЗА „Паланэз” да 80%.

Цяпер на ўзбраенні беларускай арміі знаходзіцца дывізіён РСЗА „Паланэз” мадыфікацыі В-200 з далёкасцю стральбы да 200 км.

Калі сістэма В-200 здольная паразіць восем цэляў на плошчы 10х10 км, то В-300 знішчае такую ж колькасць цэляў пры такой жа дакладнасці на плошчы 20х20 км.

Прыняцце ў 2016 годзе ў Беларусі на ўзбраенне РСЗА „Паланэз” і пастаноўку гэтай сістэмы на баявое дзяжурства Гурулёў назваў адной з галоўных задач, выкананых ў 2016 годзе.

Закранаючы планы на 2017 год, кіраўнік Дзяржкамваенпрама таксама паведаміў пра выпрабаванні айчынных гранатамёта і супрацьтанкавага ракетнага комплексу. Намечана завяршыць распрацоўку шэрагу зенітных ракетных комплексаў сярэдняй далёкасці на аснове ЗРК „Бук-МБ”.

Гурулёў расказаў, што на выставе ўзбраенняў Milex у траўні і на ваенным парадзе 3 ліпеня будуць прадэманстраваныя новыя лёгкабраніраваныя машыны „Кайман” (140-вы рамонтны завод, Барысаў) і V-1 (МЗКЦ).

Таксама плануецца далейшая праца над радыёлакацыйнымі станцыямі рознага прызначэння, сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы, беспілотнымі авіяцыйнымі сродкамі. Некаторыя іх узоры плануецца прыняць на ўзбраенне беларускай арміі.

belapan.by