Беларускія настолкі пабагацеюць на „Багача”



Чакаецца выхад эканамічна-адукацыйнай гульні з Пагоняй і талерамі. Свет беларускамоўных настолак вырашыў павялічыць лідар музычнага гурта “Amaroka” Зміцер Афанасенка. Музыка рыхтуе аналаг сусветнавядомай “Манаполіі” – з інтрыгоўнай назвай “Багач”.

bagacz

Афанасенка мяркуе, што гульня дапаможа жыхару Асаналіева ці Чыжоўкі адчуць сябе маладым магнатам у пачатку ХХ стагоддзя. Апроч асноўных камерцыйных навыкаў гулец зможа дазнацца, дзе ў Менску знаходзіўся Кармеліцкі, а дзе Дамініканскі кляштар, куды вёў Лаўскі мост, а дзе найбольш буяў гандаль.

“Гульня ”Багач” праектуе свет, у якім гісторыя пачатку ХХ ст. склалася для Беларусі больш спрыяльна,” – гаворыць аўтар праекта Зміцер Афанасенка.

– Калі я рабіў “Казачніка”, першую сваю настолку, з’явілася і такая ідэя. Вядома што беларусы, якія робяць настольныя гульні, яны не выдумляюць нешта, а яны робяць паводле самых сусветна папулярных настолак. І “Багач” – не выключэнне. Калі прааналізаваў, дык ё-маё,  я ўсё дзяцінства прагуляў у “Бізнэс”, нехто ў “Манаполію”, і падумаў – у нас няма ніводнай эканамічнай гульні.  

“Асабліва гульні, якая б адлюстроўвала нашую ўнікальную культуру,” – дадаў Зміцер Афанасенка.

Стваральнікі гульні пачалі збор сродкаў на выданне “Багача” праз краўдфандынгавую пляцоўку “Talaka”. Збор фінансаў плануецца завершыць у снежні, калі гульня пойдзе ў друк. Прыкладны кошт гульні складае 35 рублёў. Ахвярадаўцы змогуць атрымаць каштоўныя падарункі: паштоўкі, торбы, а таксама цішоткі. Наклад “Багача” складзе каля 1000 асобнікаў.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя