Беларускія навукоўцы абураныя пазіцыяй чыноўнікаў



Падчас круглага стала «Сучасная беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя» першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец узгадаў нядаўняе абмеркаванне ў парламенце зваротаў грамадзян наконт неабходнасці прысутнасці на этыкетках тавараў не толькі рускай, але і беларускай мовы. Лукашанец заявіў, што не разумее пазіцыі чыноўніцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Барышнікавай, якая сказала, што выкарыстанне беларускай мовы нароўні з рускай на этыкетках пакуль ёсць несвоечасовай мерай. «Чаму дзяржаўны служачы бярэ на сябе права вызначаць, якой мовай павінен карыстацца грамадзянін Беларусі?» — задаецца пытаннем Лукашанец.

—  Ці адпавядае гэта Канстытуцыі і ці адпавядае Дэкларацыі ад правах чалавека? Мяне здзіўляе таксама пазіцыя старшыні парламенцкай камісіі Юрыя Дарагакупца, які лічыць, што нельга навязваць людзям, ня якой мове яны размаўляюць. Па ягонай логіцы выходзіць, што выкарыстанне беларускай і рускай дзяржаўных моў у інфармацыі аб таварах з’яўляецца навязваннем мовы, а выкарыстанне толькі адной мовы — не. Дзе тут логіка?

Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук, пагаджаецца з пазіцыяй Аляксандра Лукашанца і ўзгадвае яшчэ адну важную праблему.

— Вельмі важная сфера гэта сфера заканадаўства. На сённяшні дзень застаецца актуальнай праблема падрыхтоўкі і прыняцця законаў на дзвюх дзяржаўных мовах, бо пераклад, прынятых на расейскай мове законаў на беларускую мову, не мае юрыдычнай сілы. 

У межах Тыдня беларускай мовы, які пройдзе 20-26 лютага, Акадэмія навук плануе правесці яшчэ некалькі сустрэч, у тым ліку з дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады з нагоды цяперашняга стану роднай мовы і культуры.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя