У Гародні беларускую дыктоўку прысвяцілі памяці Гілевіча



ІХ Гарадзенская дыктоўка прайшла з удзелам амаль паўтары сотні гарадзенцаў. Нацыянальная дыктоўка была прысвечана памяці Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які памёр напярэдадні, не дажыўшы да свайго 85-годдзя.

Кажа пра паэта прысутны на дыктоўцы прафесар Аляксей Пяткевіч:

– Па-першае, сёння трэба вучыцца ў Гілевіча шукаць прыгожае ў сваім родным, беларускім. Перадусім, у народнай маральнасці, народнай культуры, народным ладзе жыцця. Вось ён у гэтых адносінах быў вельмі паслядоўны. І гэты арыенцір быў для яго вельмі дарагі.

Чытаў дыктоўку акцёр, музыка Віктар Шалкевіч. Выступілі са словамі ўшанавання Народнага паэта Ніла Гілевіча літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч ды паэт Юрка Голуб.

Дыктоўка ў Гародні – традыцыйная нагода праінфармаваць удзельнікаў пра наша радыё. Разам з аркушамі для напісання дыктоўкі ўдзельнікі атрымалі рэкламную прадукцыю Беларускага Радыё Рацыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня