Беларусы змогуць бясплатна наведваць памежную зону



З 1 студзеня 2017 года грамадзяне Беларусі вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за ўезд і знаходжанне ў памежнай зоне.  Цяпер пры наведванні рэжымнай тэрыторыі неабходна толькі мець з сабой дакумент, які сведчыць асобу – паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Яшчэ адна актуальная змена — тэрмін дзеяння пропускаў у памежную паласу павялічваецца з аднаго да двух гадоў. Дзяржпошліна за гэтую паслугу складзе чатыры дзясятыя базавай велічыні. Плаціць яе ня прыйдзецца жыхарам памежнай зоны, работнікам арганізацый, што вядуць гаспадарчую дзейнасць у памежнай паласе і шэрагу іншых катэгорый грамадзян.

У будучым годзе зменіцца парадак наведвання памежнай зоны і пагранічнай паласы і для замежных грамадзян. Так, тэрмін дзеяння пропуска ў пагранічную зону для іх таксама павялічыцца з аднаго да двух гадоў, а стаўка дзяржаўнай пошліны за яго выдачу складзе чатыры дзясятыя базавай велічыні.