„Белавія” адмовілася спыняць палёты ў Егіпет



Белавія” будзе працягваць палёты ў Егіпет, гаворыцца ў апублікаваным 9 лістапада паведамленні кампаніі.

Кіраўніцтва і служба авіяцыйнай бяспекі ААТ „Авіякампанія „Белавія” напярэдадні правялі рабочыя сустрэчы з кіраўнікамі міжнароднага аэрапорта Шарм-эль-Шэйх, прадстаўнікамі егіпецкіх спецслужб, паліцыі і арміі.

Як паведаміла прэс-служба „Белавія”, падчас інспектавання былі правераныя працэдуры па аглядзе транспарту, які заязджае на тэрыторыю аэрапорта, пасажыраў, багажу і ручной паклажы. Цяпер працуе мнагаслойная працэдура праверкі. Першапачаткова агляд праводзіцца тэхнічнымі сродкамі, пасля чаго праходзіць асабісты агляд усіх пасажыраў, багажу і ручной паклажы без выключэння супрацоўнікамі службы авіяцыйнай бяспекі і паліцыі аэрапорта. Уведзены дадатковы кантроль спецыяльнымі службамі міжнароднага аэрапорта Шарм-эль-Шэйх за выкананнем правілаў правядзення асабістага агляду і праверкі багажу.

Шэраг дзяржаў, у тым ліку Еўрапейскага саюза, правялі інспекцыі, паспрыялі ў паляпшэнні працэдур агляду і высока ацанілі ступень бяспекі аэрапортаў Шарм-эль-Шэйха і Хургады, гаворыцца ў паведамленні „Белавія”. У поўным аб’ёме працягваюць выконвацца рэйсы і ажыццяўляецца перавозка пасажыраў у абодвух напрамках з Германіі, Італіі, Балгарыі, Бельгіі, Аўстрыі, Венгрыі, Грузіі, Украіны, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Туніса і інш краін. У той жа час авіякампаніі Вялікабрытаніі і Расіі спынілі дастаўку турыстаў і ажыццяўляюць толькі іх вываз з Егіпта.

„Самастойна пераканаўшыся ў забеспячэнні бяспекі цяпер на высокім узроўні ў міжнародным аэрапорце Шарм-эль-Шэйха, ААТ „Авіякампанія „Белавія” плануе выкананне чартарных рэйсаў у Егіпет у штатным рэжыме”, — заявіў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Ігар Чаргінец.

На 10 лістапада ў „Белавія” запланаванае выкананне двух чартарных рэйсаў у Хургаду.

Разам з тым Міністэрства замежных спраў 7 лістапада рэкамендавала беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых паведамленняў) паездкі ў Егіпет з турыстычнымі мэтамі.

БелаПАН