Змешчаная ў псіхлякарню актывістка аб’явіла галадоўку (абноўлена)



Наталля Папкова аб’явіла галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання ў Берасці. 30-гадовая індывідуальная прадпрымальніца, сябра АГП стала адной з лідараў «Маршаў недармаедаў». 3 сакавіка Наталлю затрымаў участковы і даставіў у псіханеўралагічны дыспансер, адкуль жанчыну перавялі ў псыхіятрычную лякарню. У лякарні Наталля Папкова абвясціла галадоўку, аб чым паведаміла сястры і аднапартыйцам.

* * * 

Берасцейскую грамадскую актывістку Наталлю Папкову, якую пасля затрымання супрацоўнікамі МУС змясцілі ў псіхіятрычны стацыянар “Плоска”, імаверна адпусцяць у панядзелак, 6 сакавіка.

На фота: Аляксандр Кабанаў, Наталля Папкова і Андрэй Шарэнда на маршы „Мы – не дармаеды” 26 лютага ў Берасці

Пра гэта паведаміла ейная сястра Вольга Котава, якая ўжо наведвала яе ў стацыянары:

– Учора я перадала ёй рэчы. Паразмаўляць нам не дазволілі, хвіліны тры мы яе толькі бачылі.

РР: Не казалі, калі яе адпусцяць?

Вольга Котава: Доктар сказаў, што ў панядзелак будзе камісія.

Грамадскія актывісты і праваабаронцы Берасця лічаць затрыманне Папковай звязаным з маючай адбыцца акцыяй супраць Дэкрэта №3, якая запланавана на 5 сакавіка. “Акурат і псіхіятрычная камісія для Наталлі запланавана на шостае, каб яна не трапіла на масавае мерапрыемства ды не ачоліла яго”, – паведаміла Людміла Захаранка, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі і паплечніца Папковай.

* * *

Берасцейскую грамадскую актывістку Наталлю Папкову змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Пра гэта паведамляе яе сястра Вольга Котава і актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Захаранка:

– Мне патэлефанавала яе сястра, якая таксама “засвяцілася” на гэтым маршы. Яна сказала, што Наталлю два міліцыянты павезлі невядома куды. Гэта было ўчора дзесьці каля абеда. Я пабегла яе шукаць, знайшла бліжэй да вечара ў псіхіятрычнай клініцы.

Наталля Папкова прымала ўдзел маршы “Мы – не дармаеды”, які адбыўся 26 лютага ў Берасці. Тады дэманстранты ў колькасці каля трох соцень чалавек мітынгавалі на плошчы Леніна, а пасля рушылі вуліцамі горада да мясцовага Аблвыканкаму і потым ужо да кінатэатру “Беларусь”. Адным з лідараў акцыі тады і была Наталля Папкова, таму актывісты не выключаюць, што да яе прымяняюць гэтак званую “карную псіхіятрыю”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* ** 

Затрыманая ў Берасці мясцовая актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўдзельніца акцый за адмену дэкрэта аб „дармаедах” Наталля Папкова дастаўленая ў псіхіятрычны стацыянар абласнога псіханеўралагічнага дыспансера.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, Папковой далі магчымасць уключыць тэлефон і зрабіць адно тэлефанаванне. Папкова патэлефанавала сястры і паведаміла пра сваё месцазнаходжанне. Пасля гэтага тэлефон у актывісткі забралі.

Праваабаронца нагадаў, што Папкову затрымалі 3 сакавіка прыблізна ў 14.30, калі тая выйшла з дому, дзе жыве. Два супрацоўнікі міліцыі пасадзілі яе ў цывільны аўтамабіль і павезлі.

„Змяшчэнне Папковой ў псіхіятрычны стацыянар — свайго роду інтэрнаванне на час правядзення ў Берасці чарговай акцыі за адмену дэкрэта № 3, — заявіў праваабаронца. — Гэта спланаваная спецаперацыя. Такім чынам адпаведныя службы нейтралізуюць найбольш актыўных удзельнікаў акцый супраць гэтага дэкрэта”.

Чарговая несанкцыянаваная акцыя супраць дэкрэта аб „дармаедах” плануецца ў Берасці 5 сакавіка.

belapan.by