Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу Уладзіміра Табулы



Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу былога інжынера прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах Уладзіміра Табулы. Ён прасіў суд узнавіць яго на пасадзе намесніка начальніка аддзела па ахове працы. На гэтую пасаду ён быў з парушэннем працоўнага заканадаўства пераведзены і з такім жа парушэннем вернуты назад на пасаду інжынера гэтага аддзела. А затым звольнены. Лунінецкі суд прызнаў парушэнне пры пераводзе, абласны суд прысудзіў кампенсаваць яму маральныя страты. Але ў парушэнне заканадаўства не быў узноўлены на працы, – кажа прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей:

– Суд не даў ацэнкі гэтых фактаў і прыняў рашэнне, якое супярэчыць нормам працоўнага заканаўства.

IMG_3829

Прычыну свайго звальнення Табула бачыць не ў адсутнасці прафесіяналізму, а ў прыналежнасці да незалежнага прафсаюза:

– Я з’яўляўся сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і аб гэтым даведаўся наймальнік. Усіх работнікаў, якія ўступілі ў незалежны прафсаюз, пачалі нахабным чынам звальняць з працы, іх запужвалі, запужвалі іх родных, нікога не пакінулі працаваць, і я аказаўся апошнім з гэтых людзей.

Уладзімір Табула лічыць звальненне незаконным і будзе аспрэчваць гэтае рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях.

Беларускае Радыё Рацыя