Берасцейскі актывіст абскардзіў у СК незаконнае затрыманне і збіццё



Паводле словаў самога актывіста, ён быў затрыманы міліцыянтамі ў ноч на 6 лістапада і збіты, пасля чаго адвезены ў пастарунак, але ніякіх пратаколаў аб правапарушэннях на яго пакуль не складалі.

292631C7-D48E-4454-9C85-3919510F84FA_w1000_r1_s

 

Глеб Грынберг і Андрэй Кавальчук (справа)

Андрэй Кавальчук мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі адмыслова пад’ехала да яго і, удакладніўшы прозвішча, а таксама ўбачыўшы майку з выявай “Пагоні”, пачалі моцна збіваць. Пры гэтым міліцыянты ўжывалі кайданкі, а пасля адвезлі Кавальчука ў пастарунак, дзе пратрымалі прыблізна паўгадзіны. Хаця ў самім аддзяленні міліцыі пратакол на грамадскага актывіста не склалі, Андрэй не выключае, што нейкае абвінавачванне яму будзе прад’яўлена пазней.

Пасля вызвалення з пастарунку Андрэй Кавальчук паехаў у медычную установу, каб засведчыць нанесеныя пабоі, і напісаў адпаведную заяву пра здарэнне ў Следчы камітэт.

* * *

Уночы з 5 на 6 лістапада быў затрыманы міліцыянтамі ў Берасці маладзён Андрэй Кавальчук. Суд над ім ды яго сябрамі Глебам Грынбергам, Мікалаем Хацінюком і Дзмітрыем Абрамуком пераносіўся двойчы.

10 кастрычніка яны былі затрыманыя на выездзе з Берасця ў Менск, дзе яны мелі ўзяць удзел у “шэсці нацыянальнага сцяга”. Да апошняй хвіліны Андрэй быў у кантакце з палітыкам, былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам.

– Скінуў мне некалькі паведамленняў, што яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Калі абшуквалі, знайшлі кашульку. Збілі, адзелі кайданкі і склалі пратакол, што ён быў нецвярозы. Той адмовіўся падпісваць гэты пратакол. Яго выкінулі. Ён паехаў і зняў пабоі, праверыўся на алкаголь. Яму далі накіраванне ў Следчы Камітэт. У 3 гадзіны ночы я атрымаў апошнюю інфармацыю ад яго. Зараз яго тэлефон не адказвае.

Наша радыё збіраецца адсочваць і надалей сітуацыю з затрыманнем ды раптоўным знікненнем Андрэя Кавальчука.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: “Свабода”