Берасцейскі ліцэіст страляў у школьнікаў з пнеўматычнай зброі



У Берасці затрыманы 15-гадовы навучэнец аднаго з прафесійных ліцэяў горада, які страляў у школьнікаў з пнеўматычнай зброі. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 12 сакавіка прыблізна ў 16.15 падлетак з балкона першага паверха кватэры, дзе пражывае, зрабіў некалькі стрэлаў з пнеўматычнага пісталета. Ад супрацьпраўных дзеянняў зламысніка пацярпелі тры школьніка, якія знаходзіліся паблізу будынка. Яны атрымалі ўдары ад металічных куль. Акрамя таго, у выніку страляніны пашкоджана лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля „Рэно”, які стаяў на аўтастаянцы побач з домам. У ходзе вобыску па месцы жыхарства ліцэіста канфіскаваны пнеўматычны пісталет Borner. Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце распачата справа па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства). Устаноўлена, што з пацярпелымі ў падлетка канфліктаў не было, у той момант ён быў цвярозы. Для ўстанаўлення ўсіх акалічнасцяў таго, што адбылося, у тым ліку як зброя апынулася ў падлетка, праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. Прызначаны судова-медыцынскія і балістычная экспертызы. Стралок змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

 БелаПАН