Берасцейскіх анархістаў не выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання



Берасцейскіх анархістаў не выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС. Акрамя таго, міліцыя выставіла ачапленне перад уваходам на тэрыторыю ўстановы і спаслалася на аперацыю “Шчыт”. Нікога апроч бацькоў да кіраўніцтва РАУС не пусцілі. Там ім паведамілі пра тое, што іхнія дзеці будуць знаходзяцца пад арыштам да панядзелка.

Каментуе прадстаўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка:

—  Вяртаюцца старыя практыкі. Першая практыка — тое, што на актывістаў пачынаюць складаць пратаколы за дробнае хуліганства: нібыта яны лаяліся матам, прыцягвалі ўвагу, перакрывалі рух, і гэта расцэньваецца як вельмі грубае хуліганства, што не ёсць прававой практыкай. А другая практыка ў тым, што людзей штучна ўтрымліваюць у ізалятары нават пасля фармальнага адбыцця арышту, складаюць пратаколы і не выпускаючы з ізалятара затрымліваюць.  

Шэраг затрыманняў і судоў у Берасці звязаны з “Маршам недармаедаў”, які адбыўся ў горадзе 5 сакавіка. Тады калону дэманстрантаў ачолілі невядомыя хлопцы ў балаклавах — прадстаўнікі руху анархістаў. «Цяпер улада ў адказ спрабуе іх ізаляваць і пагасіць пратэстны патэнцыял», — лічаць праваабаронцы.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце