Берасцейскія сацыял-дэмакраты: Вярніце святло гораду!



Прыслухацца да меркавання грамадства прапануюць прадстаўнікам мясцовых уладаў сябры берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Яны заклікаюць прыняць тэрміновыя меры і вярнуць святло на вуліцы гораду. У гарадскі выканаўчы камітэт былі накіраваныя амаль 200 каментароў жыхароў гораду, якія падпісаліся пад зваротам ’’Вярніце святло гораду!’’, – распавёў палітык Ігар Маслоўскі:

– Мы лічым, што сённяшняя сітуацыя з выключэннем начнога асвятлення ў горадзе Берасці – гэта вынік неэфектыўнага кіравання менавіта гарвыканкама, і гэта ў першую чаргу мы бачым у тым, што ў нас няма крытыкі ўлады на ўзроўні самой улады, няма палітычнай канкурэнцыі. Фактычна ўся ўлада маніпалізаваная.

Прадстаўнікі партыі прапануюць уладам азнаёміцца з меркаваннем жыхароў гораду, паколькі абсалютная большасць выказвае занепакоенасць за сваё жыццё і здароўе, за сваю маёмасць, а факт адключэння вулічнага начнога святла можа прывесці да павелічэння колькасці правапарушэнняў у горадзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота virtualbrest.by