Берасцейскія ўлады спужаліся „дармаедаў”



Берасцейскі гарвыканкам забараніў усе заяўленыя пікеты супраць дэкрэта „аб дармаедстве”.

Як паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, 18 лютага ў розных частках горада планавалася правядзенне 26 пікетаў. Заяўкі на іх правядзенне падавалі мясцовыя актывісты АГП, Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” і іншыя актыўныя грамадзяне.

Мэта акцый — прыцягнуць увагу да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу непрацоўных грамадзян, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага характару дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

У кожным пікеце планаваўся ўдзел да 20 чалавек. Вызначалася, што першы пачнецца а дзявятай гадзіне раніцы, апошні завершыцца а восьмай вечара. Працягласць акцый — ад адной гадзіны да паўтары гадзіны.

Паводле слоў Вуека, чатыры пікеты (па два ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і на стадыёне „Лакаматыў”) улады забаранілі, матывуючы тым, што заяўнікі не заключылі з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам адпаведныя дагаворы на абслугоўванне.

Астатнія пікеты не дазволеныя, бо месцы, у якіх яны планаваліся, не вызначаныя ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Чарговым разам парушаныя нашы правы на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання. А яшчэ ўлады баяцца гэтых пікетаў, бо хваля пратэсту супраць дэкрэта № 3 на сённяшні дзень імкліва расце. Заяўнікі акцый плануюць правесці сустрэчу, на якой абмяркуюць далейшыя крокі кампаніі за адмену гэтага дэкрэта”, — заявіў Вуек.