Беспрацоўныя абскарджваюць дэкрэт «Аб сацыяльным утрыманстве»



Беспрацоўныя Гомельшчыны абскарджваюць Дэкрэт №3 «Аб сацыяльным утрыманстве». Грамадзяне, якіх падаткавікі аднеслі да катэгорыі «дармаедаў», пачалі аспрэчваць падставы для грашовага збору.

Жыхар Калінкавічаў Дзяніс Рабянок праз сваю актыўную палітычную дзейнасць не можа знайсці працы ў родным горадзе некалькі гадоў:

— Я быў на асабістым прыёме ў начальніцы Калінкавіцкай падатковай інспекцыі. Адказу на пытанне, якія такія выдаткі панесла на мяне дзяржава ў 2015 годзе, што я павінен ёй заплаціць 360 рублёў як дармаед, я так і не атрымаў.  

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка ўжо дапамог скласці пратэстныя заявы ў падатковую 20 жыхарам Гомельскай вобласці.

— Калі ў мяне пытаюць, якім чынам мне пазбегнуць, я адказваю, што ёсць два шляхі. Заплаціць, забыць гэта як страшны сон, і працаўладкавацца ці пайсці рамеснікам або яшчэ кімсьці працаваць. Другі шлях, пайсці і адсядзець 15 сутак, а потым даказваць, што дзяржава прымусіла цябе працаваць і прымяніла да цябе забароненую міжнароднымі пагадненнямі прымусовую працу. Іншых шляхоў няма. Прэзідэнт нядаўна сказаў, што адмяняць дэкрэт ён не будзе. То бок, гэты дэкрэт будзе дзейнічаць.

Дэкрэт №3 «Аб сацыяльным утрыманстве» быў падпісаны кіраўніком дзяржавы ў пачатку красавіка 2015 года. Праваабаронцы канстатуюць, што з пачаткам дзеяння Дэкрэта №3 у Беларусі фактычна ўводзіцца супярэчная Канстытуцыі практыка прымусовай працы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель