Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч сустрэўся з журналістамі



Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч сустрэўся з журналістамі ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Прэс-канферэнцыя была прымеркаваная да свята Пасхі.

Як кажа Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч , Пасха – значная падзея ў жыцці грамадства, трэба таксама і праз сродкі масавай інфармацыі дапамагаць людзям далучацца да гэтай падзеі. Бо ў цяперашні час чалавек сустракаецца са шматлікімі праблемамі, перад якімі вельмі часта адучувае сваю бездапаможнасць.

 – Мы жывем з вамі ў тым грамадстве, якое абуджаецца да Веры. І вельмі важна, каб людзі свядома перажывалі гэтую падзею. Тым больш, што сёння мы бачым, што ў асабістым жыцці чалавека, у грамадскім жыцці мы патрабуем годнага фундаменту, на якім павінны будаваць наша нялёгкае жыццё. Вера дае нам вельмі часта не толькі той фундамант, але і адказ на шматлікія пытанні, якія турбуюць сёння чалавека.

Біскуп Алег Буткевіч распавёў пра асноўныя мерапрыемствы, якія будзе ладзіць дыяцэзія ў бліжэйшы час, пра падрыхтоўку да Вялікдня і адказаў на іншыя актуальныя пытанні журналістаў.

Нагадаем, Пасху вернікі каталіцкай канфесіі адзначаць 5 красавіка.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя