Бізнесмена з Баранавіч падазраюць у спробе продажу зброі на мільён даляраў



У Фларыдзе затрыманыя 39-гадовы жыхар Ізраіля Анры Шушан і 65-гадовы жыхар Беларусі Веніямін Галынкін. Па дадзеных ФБР, мужчыны спрабавалі прадаць у Ірак і Судан боепрыпасы для зенітных гармат.

sfl-henri-shushan-and-venyamin-golynkin-20161123-io0fw

Анры Шушан і Веніямін Галынкін. Фота sun-sentinel.com

Анры Шушан і Веніямін Галынкін былі затрыманыя ў сярэдзіне лістапада ў горадзе Помпано-Біч, які размешчаны на беразе Атлантычнага акіяна. Ізраільцянін знаходзіцца ў турме акругі Броўард. 23 лістапада ў судзе прайшло слуханне па гэтай справе.

Затрыманне стала вынікам доўгай (з 2015 года) аперацыі, якую праводзілі супрацоўнікі ФБР, паведамляе Myfin.by са спасылкай на The Sun Sentinel.

Следства паведамляе, што Шушан і Галынкін збіраліся нелегальна паставіць у Ірак і Судан 500 тысяч адзінак боепрыпасаў для 23-міліметровых зенітных гармат ЗП-23. У ЗША экспарт у гэтыя краіны забаронены.

Замовы былі аплачаны нейкай арганізацыяй, размешчанай у Іраку, паведамілі следчыя на пасяджэнні суда. 350 тысяч адзінак прызначаліся для Ірака і 150 тысяч — для Судана.

Паведамляецца, што ізраільцянін Шушан пераехаў у ЗША каля двух гадоў таму, атрымаў статус пастаяннага жыхара і займаўся бізнесам, у тым ліку продажам зброі. Яго таксама збіраюцца судзіць за спробу кантрабанды вінтовак М4 ў Азербайджан.

Суддзя вырашыла, што ізраільцянін ўяўляе патэнцыйную небяспеку для грамадства і можа схавацца ад правасуддзя, і адмовіла яму ў вызваленні пад заклад.

Газета паведамляе, што Галынкін знаходзіцца на волі. Ён з’явіўся ў суд на кароткі час, казаў праз перакладчыка і папрасіў суддзю перанесці слуханне з нагоды магчымасці выхаду пад заклад на наступны тыдзень.

Па версіі следчых, Шушан падрабіў дакументы, каб паказаць, што боепрыпасы экспартуюцца легальна на Кіпр, у ПАР і іншыя краіны.

У кастрычніку Шушан распавёў агенту паліцыі, што працуе пад прыкрыццём, што ягоны кліент перавёў у ЗША з Ірака 800 тысяч даляраў на рахунак у банку. Аднак банк адмовіўся прымаць гэтыя грошы.

У пачатку лістапада Шушан змяніў план. З Беларусі ў Фларыду павінен быў прыехаць Галынкін, каб вывучыць зброю і забяспечыць перавод грошай. Шушан апісаў яго агенту як «даверанага памочніка» кліента.

Галынкін прыляцеў 13 лістапада на самалёце з Масквы ў Нью-Ёрк і заявіў уладам, што хоча наведаць сям’ю і сустрэцца з сябрам, каб абмеркаваць умовы стварэння сумеснага аўтабізнесу.

Пасля ў беларуса выявілі нумар тэлефона Шушана і дакументы пра перавод 800 тысяч даляраў з цыдулкай на замежнай мове, дзе гаварылася, што «грошы атрыманыя», піша СМІ.

На сустрэчы ў Помпано-Біч 15 лістапада Шушан «знерваваўся», бо Галынкін не прывёз з сабой грошай і сказаў, што забяспечыць перавод 100 тысяч даляраў.

Пасля арышту Веніямін Галынкін растлумачыў спецслужбам, што ў Беларусі да яго звярнуўся стары сябар з Сірыі. Ён прапанаваў Галынкіну 2500 даляраў, каб той з’ездзіў у ЗША і праверыў «паляўнічыя стрэльбы».

Беларус прызнаўся, што ведаў суму здзелкі — мільён долараў, а таксама суму задатку — 100 тысяч, але не думаў, што гаворка ідзе пра боепрыпасы да зенітнага зброі.

Супрацоўнікі гатэля «Вэнінуй», які належыць Веньяміну Галынкіну, адмаўляюць, што ён мог быць датычны да продажу зброі ў ЗША. Дырэктар гатэля Анжаліка Дзьякава заявіла Intex-press, што ўчора размаўляла з сынам Галынкіна. Ён сказаў ёй, што замежныя СМІ пішуць пра ягонага бацьку няпраўду.

cms-image-000051740

Веніямін Галынкін. Фото: Intex-press

Веніямін Галынкінадзін з уплывовых бізнесменаў Баранавічаў. Свой бізнес ён пачынаў з продажу цукровай ваты напярэдадні развалу СССР. Да сярэдзіны 90-х ў Веньяміна Галынкіна ўжо былі швейная вытворчасць, некалькі крам і аўтазаправак, выдавецкі бізнес (ён з’яўляўся заснавальнікам газеты «Шаг»). Сёння бізнес Галынкіна звузіўся да невялікай гасцініцы, якая будуецца аграсядзібы і некалькіх аб’ектаў нерухомасці, якія ён здае ў арэнду.

Intex-press