Браслаў адзначае 950-годдзе



У межах міжнароднага свята традыцыйнай культуры „Браслаўскія зарніцы” ўжо адбыўся фэст сярэднявечнай культуры „Меч Брачыслава”. На гарадзішчы „Замкавая гара” гледачы маглі пазнаёміцца з дзейнасцю рыцарскіх клубаў з Беларусі і Латвіі, рамеснікаў, пабачыць выступ вулічнага тэатра „Вір”, станцаваць сярэднявечныя танцы разам з гуртом „Літы талер”, паўдзельнічаць у конкурсах, наведаць выставу карцін Яна Рыдзікі.

– Цудоўна, надзвычайна, добрая арганізацыя – нам вельмі падабаецца гэта мерапрыемства, мы кожны год тут бываем. Гэта ўпрыгожвае наш горад і прыцягвае сюды турыстаў.

– Гэта вельмі цікава, бо неяк усё забываецца – гэта гісторыя беларуская, славянская.

– Паднялася на гару і такія два гарныя хлопцы, так усё распавядаюць. Я гісторыю ведаю, самае цікавае, што палову я не ведала, тое што яны распавялі – вельмі цікава.

– Адпачылі, сустрэлі шмат знаёмых людзей, паразмаўлялі – цудоўна.

Напрыканцы свята „Меч Брачыслава” адбыўся выступ групы NRM, вогненнае шоў і феерверк. А само свята „Браслаўскія зарніцы” скончыцца сёння тэатралізаваным прадстаўленнем, прэзентацыяй падворкаў і гала-канцэртам з удзелам творчых калектываў Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расеі, Эстоніі ды Індыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара