Браслаўчан заганяюць на суботнік



Наперадзе ў беларусаў, як пішуць некаторыя СМІ, доўгія выходныя. Але, як аказваецца, не ва ўсіх.

БелТА піша, 22 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік. Гэта дата вызначана пастановай Савета Міністраў ад 11 красавіка 2017 года нумар 270, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендуецца НА ДОБРААХВОТНАЙ АСНОВЕ  правесці рэспубліканскі суботнік на рабочых месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцей, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

А ў нас атрымоўваецца, як заўжды, на ДОБРААХВОТНА-ПРЫМУСОВАЙ АСНОВЕ. Прадстаўляем дакументы, якія даслалі нашыя чытачы. Яны былі накіраваныя ва ўстановы горада Браслава.

А вось рэакцыя на ДОБРААХВОТНА-ПРЫМУСОВЫЯ суботнікі браслаўчан:

– УСЕ ВЫХОДНЫЕ суботнік! А жыць людзям калі?!

–  Год навукі прыплялі яшчэ…

– У распараджэнні гаворка ідзе толькі пра 22.04, а па факце ўсе законныя выходныя. Самае смешнае, што ўсе гэтыя суботнікі не пад якое заканадаўства падагнаць нельга. Проста сядзім на працы і злуемся ад бяссілля.

– Нам, напрыклад, у вуснай форме даведзена, што не менш за 25% ад калектыву на працоўных месцах штодня… А па некалькі чалавек працуюць за тры капейкі пастаянна ў калгасах і на прыбіранні ў горадзе.

– У распараджэнні гаворыцца, што суботнік рэспубліканскі 22.04. Ну, добра, папрацуем, бывае… Але прычым тут яшчэ 23 і 24 ?! Распараджэнне аблвыканкама нам не паказваюць.

– Мы ўжо падумваем стаць дармаедамі, надакучыла ўсё гэта трываць. Але ў асноўным людзі запалоханыя настолькі, што гатовыя і далей трываць гэты здзек. Тэксту распараджэння, дарэчы ні ў адной прававой базе не знайшлі.

Беларускае Радыё Рацыя