БТ лічыць незаконным размяшчэнне ў інтэрнэце кандыдатамі сваіх выступленняў



Размяшчэнне ў інтэрнэце кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў іх перадвыбарных выступленняў, паказаных да гэтага па тэлебачанні, з’яўляецца незаконным. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі, распаўсюджаным 19 жніўня прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі.

У ім адзначаецца, што „асобныя ўдзельнікі перадвыбарнай гонкі… вырашылі папіярыцца за кошт працы медыяхолдынга, размясціўшы выступ, прафесійна запісаны работнікамі БТ, у інтэрнэце, пры гэтым не атрымаўшы дазвол на гэты крок ва ўласніка відэаматэрыялу, якім з’яўляецца Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі, а ў далейшым яшчэ і абвінаваціўшы яе ў блакаванні незаконна размешчанага кантэнту”. Выступленні кандыдатаў праходзяць на тэлеканале „Беларусь 3”. Немалы рэзананс выклікаў выступ прадстаўніка АГП, кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага. Менавіта гэты відэаролік з YouTube быў неўзабаве выдалены.

БТ заявіла пра выпадак „незаконнага выкарыстання чужых відэаматэрыялаў”. Кандыдатам у дэпутаты ў прэс-рэлізе рэкамендуецца размяшчаць у інтэрнэце „самастойна створаныя відэа-, аўдыя- і іншыя матэрыялы агітацыйнага характару”, інфармуе БелаПАН.