Будаўнік з Рагачова абскардзіць законнасць „падатка на беспрацоўных”



42-гадовы будаўнік з Рагачова Аляксандр Антонаў адмовіўся выплачваць „падатак на беспрацоўных” і заявіў, што будзе ў судзе даказваць актыканстытуцыйнасць прэзідэнцкага Дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, сумна вядомага ў народзе як Дэкрэт аб дармаедах.

Юрыст Незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка будзе прадстаўляць інтарэсы працоўнага ў судзе:

– Да мяне звярнуўся жыхар Рагачова. У тым годзе ён троху працаваў, а потым згубіў працу ў сувязі са сканчэннем працоўнага кантракту. Быў зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага некалькі месяцаў. Але ж санкцыі дэкрэта пра „дармаедаў”, усё ж яго дасталі. Падатковая інспекцыя прад’яўляе яму гэтыя 20 базавых адзінак. Ён наадрэз адмовіўся выплочваць. Звярнуўся да мяне і кажа: дапамажы, калі ласка, абскардзіць гэты дэкрэт, бо ён супярэчыць Канстытуцыі, па Канстытуцыі няма такога абавязку, што я павінен працаваць.

Леанід Судаленка і Аляксандр Антонаў збіраюцца, калі спатрэбіцца, дайсці да аўтара дэкрэту, а калі не ўдасца абараніць свае правы ў беларускіх судах, напісаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя