Бярозаўскі камбінат Чыжа ўжо месяц прастойвае



Прадпрыемства Юрыя Чыжа «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» ужо месяц прастойвае. Хоць прадукцыя запатрабаваная: склады амаль пустыя, людзі тэлефануюць, шукаюць знаёмых сярод супрацоўнікаў камбіната, каб праз супрацоўнікаў неяк купіць блокі. Але не стае сродкаў на сыравіну: цэменту ў першую чаргу.

Пару тыдняў таму старшыня КДБ Валерый Вакульчык публічна сказаў, што вызваляць Чыжа падставаў няма. Па меркаванні работнікаў камбіната, улада, магчыма, імкнецца абанкруціць імперыю Чыжа, каб зрабіць прадпрыемства дзяржаўным або за бясцэнак прадаць каму-небудзь іншаму.

На думку людзей, што засталіся без заробкаў, каб уласнік быў на волі,ён мог бы гэтае пытанне вырашыць. І ў выніку людзі мелі б заробкі, а дзяржава паступленні ў бюджэт. А так яна не атрымае нічога.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза