Бярозаўскім актывістам вяртаюць канфіскаваную аргтэхніку



Лідскі аддзел следчага камітэта вяртае канфіскаваную тры месяцы таму аргтэхніку пад час ператрусаў у жыхароў Бярозаўкі. Вобшукі на кватэрах грамадскіх актывістаў Бярозаўкі распачаліся неўзабаве пасля флэшмобу, які зладзілі невядомыя ля транспартнай прахадной шклозавода “Нёман” супраць шкоднай вытворчасці шкловаты ў цэнтры горада. Падчас вобшукаў супрацоўнікі міліцыі канфіскоўвалі кампутары, друкаркі і носьбіты інфармацыі. Па словах грамадскага актывіста Вітольда Ашурка, канфіскаваную аргтэхніку вярнулі яе законным уласнікам, але частка яшчэ знаходзіцца на экспертызе.

– Нашаму сябру Юрасю не аддалі друкарку, то бок, усё праверылі, а друкарку яшчэ не праверылі. А сябру Яўгену Лукашэвічу, ён зараз паехаў працаваць у Расею, дакладней яго жонцы, таксама не аддалі. Матывавалі тым, што дадуць у рукі толькі Яўгену, калі ён прыедзе. Навошта яны так вось затрымліваюць, невядома.

Флэшмоб, які адбыўся ў канцы ліпеня гэтага года зладзілі невядомыя. Яны паклалі аўтамабільныя пакрыўкі ля прахадной шклозавода, запалілі некалькі дымавых шашак, пакінулі бутэлькі з невядомай вадкасцю, якія вонкава нагадвалі “кактэйль Молатава”, а таксама раскідалі ўлёткі з заклікам зачыніць шкодную вытворчасць. Адпаведнае відэа з акцыі было распаўсюджана ў інтэрнэце. Паводле гэтых дзеянняў была заведзеная крымінальная справа, па артыкуле “Хуліганства”. Гэта стала падставай для правядзення супрацоўнікамі міліцыі шэрагу ператрусаў у кватэрах жыхароў Бярозаўкі.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя