Бясплатны аўтобус да Беластока



Гандлёвы цэнтар Outlet Białystok з мэтай прыцягнення беларускіх пакупнікоў зарганізаваў безаплатныя паездкі для жыхароў Гародні па закупы.  Першы аўтобус з 19 пасажырамі ад’ехаў  сёння а сёмай  раніцы з гарадзенскага аўтавакзала.

outlett4

Аўтобус разлічаны на 19 месцаў, і такія рэйсы будуць ажыццяўляцца кожную суботу па ініцыятыве гандлёвага цэнтра з Беластока. Беларускія кліенты будуць мець тры гадзіны на ажыццяўленне закупаў, пасля чаго павінны будуць вярнуцца ў Гародню. Партнёрам-перавозчыкам выступае адна  з гарадзенскіх турыстычных фірм:

– Фірма Outlet аплочвае перавозку. Яна атрымлівае спіс ад фірмы, і ўсіх, хто зарэгістраваўся, вязуць у Outlet Białystok.

– Хачу паглядзець, па-першае, гэта бясплатна, калі спадабаецца, то будзем туды ездзіць. Канешне, гэта для іх плюс, бо большы збыт тавараў. Хочуць зацікавіць пакупнікоў. Заўсёды шкада часу, бо вечарам заўсёды на мяжы чэргі. Калі мяне ўсё будзе задавальняць, буду ездзіць.

– Першы раз еду. Выпадкова ў інтэрнэце трапіў на абвестку. Відавочна, што польскі бок зацікаўлены ў працы сваіх гандлёвых прадпрыемстваў, усё польскае памежжа трымаецца на візітах беларусаў.

Першапачаткова з’явілася інфармацыя аб тым, што кліенты фірмы, якая ажыццяўляе перавозкі гарадзенцаў у гандлёвы цэнтар Outlet Białystok, не будуць затрымлівацца ў чэргах на мяжы. Аднак, прэс- служба дзяржаўнага памежнага камітэта не падцвердзіла гэтую інфармацыю.Усе пасажыры аўтобуса будуць праходзіць памежны кантроль у агульным парадку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня