Бясплатны «Добры ровар» адкрывае другі сезон у Менску



Другі сезон валанцёрскага праекта «Добры ровар» адкрываецца 17 чэрвеня ў Менску, паведаміла прэс-сакратар Цэнтра экалагічных рашэнняў Вольга Астаповіч.

У гэты дзень стартуе рэгістрацыя будучых карыстальнікаў бясплатнага велапрокату. Каб стаць карыстальнікам сістэмы пракату, неабходна быць паўналетнім і мець пры сабе пашпарт. Скарыстацца пракатам можна праз інтэрнэт-сэрвіс на сайце dobrovar.by, там жа ёсць магчымасць забраніраваць ровар, даведацца код і забраць яго з адной з 12 парковак у цэнтры Менска. Па заканчэнні 12-й гадзіны ровар неабходна будзе вярнуць на любую з прапанаваных парковак, замацаваўшы яго кодавым замкам. Пасля гэтага роварам можа скарыстацца іншы чалавек.

Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне бясплатнага велапракату ў Менску. «Добры ровар» накіраваны на тое, каб забяспечыць даступнасць ровара як гарадскога транспарту для штодзённых паездак для насельніцтва, а таксама прадставіць яго перавагі для прыроды і здароўя. Сёлета бясплатны велапракат будзе функцыянаваць да кастрычніка.

«Летась бясплатны пракат быў даволі папулярны: ім скарысталіся 2,6 тысяч чалавек. Гэта паказвае запатрабаванасць ровара ў якасці транспарту ў межах Менска. Ды і горад гэта дазваляе рабіць бесперашкодна: дзякуючы плоскаму рэльефу і шырокім ходнікам сталіца — ідэальнае месца для развіцця веларуху», — адзначаюць арганізатары праекта.

Каманда праекта не абмяжоўваецца арганізацыяй бясплатнага велапракату: на працягу ўсяго праекта будуць праводзіцца акцыі, майстар-класы для прыцягнення ўвагі жыхароў і гасцей сталіцы да культуры веларуху.

Ідэя праекта «Добры ровар» належыць выпускнікам Школы экалагічнага актывіста. Яго рэалізуе каманда валанцёраў пры падтрымцы установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства «Зялёная сетка», грамадскага аб’яднання «Менскае веласіпеднае таварыства» і ўсіх зацікаўленых гараджан. Пракат быў запушчаны ў мінулым годзе.

БелТА