Былы рабочы з „Гомельскага хімзавода” дамагаецца кампенсацыі



Былы рабочы з „Гомельскага хімзавода” Аляксандр Клімаў дабіваецца кампенсацыі маральнай шкоды ад свайго прадпрыемства. Працоўны ўжо дамогся выплатаў ад кампаніі „Белдзяржстрах” за атрыманне інваліднасці, звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў, у памеры 70 мільёнаў беларускіх рублёў. Цяпер ён намераны спагнаць грошы за нанясенне маральнай шкоды. Інтарэсы працоўнага ў судзе Савецкага раёна Гомеля прадстаўляе прававы інспектар Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка.

– Мы бачым, як прадпрыемствы ставяцца да працоўных. 33 гады рабочы аддаў роднаму прадпрыемству. У яго ў “Працоўнай кніжцы” практычна ўсяго два запісы. А як здарыўся няшчасны выпадак, працоўны стаў інвалідам, згубіў здароўе – яго выкінулі, як тое кацяня, на вуліцу і не працаўладкавалі, хаця паводле працоўнага кодэксу наймальнікі абавязаны працаўладкоўваць вось такіх людзей, якія атрымалі пашкоджанне здароўя на прадпрыемстве.

Аляксандр Клімаў атрымаў цяжкія траўмы ў траўні 2011 года. Паводле рабочага, ён атруціўся серавадародам на працоўным месцы, пасля чаго страціў прытомнасць і ўпаў з вышыні. Ягоныя словы аспрэчвалі прадстаўнікі „Гомельскага хімзавода”, якія сцвярджалі, што рабочы меў праблемы са здароўем і да няшчаснага выпадку. У выніку 4-гадовага судовага разбіральніцтва рабочы Аляксандр Клімаў давёў сваю рацыю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН