Былы в. а. начальніка баранавіцкай ДАІ прыгавораны да 7 гадоў



Суд Ляхавіцкага раёна 3 сакавіка прыгаварыў да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму былога выканаўца абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ Андрэя Валкавыцкага, які насмерць збіў жанчыну.

Ён прызнаны вінаватым на падставе ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). На карысць бацькі загінулай жанчыны з абвінавачанага спагнана 35 тыс. рублёў маральнай шкоды.

Згодна з прысудам Валкавыцкі пазбаўлены права займаць пасады ў органах унутраных спраў тэрмінам пяць гадоў, а таксама права кіраваць транспартнымі сродкамі на працягу пяці гадоў.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны, паведаміў старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Генадзь Буры, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе.

Паводле слоў пракурора, абвінавачаны, які прызнаў сваю віну, у апошнім слове ў судовым пасяджэнні папрасіў прабачэння ў сваякоў загінулай, ва ўсіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, у сваіх сваякоў.

26 лістапада 2016 года прыблізна ў 20.50 выканаўца абавязкаў начальніка ДАІ Баранавіцкага ГАУС кіраваў у стане алкагольнага ап’янення аўтамабілем „Опель-Зафіра”. Рухаючыся па дарозе Ляхавічы — Баранавічы, якая праходзіць па вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёна, ён не прапусціў на нерэгуляваным пешаходным пераходзе жанчыну і збіў яе. 36-гадовая жыхарка Слуцка загінула на месцы. У яе засталіся двое дзяцей.

Устаноўлена, што хуткасць руху транспартнага сродку была прыблізна 100 км/гадз пры дазволенай на гэтым участку дарогі не больш за 60 км/гадз.

У выдыханым вадзіцелем паветры спачатку была выяўленая канцэнтрацыя этылавага спірту 2,9 праміле, праз 10 хвілін — 3,4 (моцная ступень алкагольнага ап’янення).

Супрацоўнік ДАІ ў момант ДТЗ быў не пры выкананні, на асабістым аўтамабілі і ў цывільным адзенні. Пасля здзяйснення ДТЗ быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. 29 лістапада да яго была прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

belapan.by