Быць грамадскім і партыйным актывістам хранічнымі тунеядцамі



Гэта высветлілася падчас працаўладкавання сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віталя Каліноўскага праз Мікашэвіцкі цэнтр занятасці.

kalinouski

Першую спробу па працаўладкаванні актывіста спецыяліст Цэнтра занятасці зрабіла, накіраваўшы яго ў фірму “Норвуд Плюс”, дзе была вакансія і адкуль яго звольнілі за ўдзел у мясцовых выбарах. Калі Каліноўскі з’явіўся туды, месца было занята “учора”. Спецыяліст цэнтра вельмі здзівілася, таму што перад накіраваннем туды спраўлялася наконт месца ў дырэктара.

У другі раз яна накіравала Віталя Каліноўскага ў калгас у вёску Любань на працу жывёлаводам – даглядаць цялят. Хлопец пагадзіўся, бо не хоча быць тунеядцам і дзе возьме, жывучы ў вёсцы, 260 даляраў на падатак.

Кацярына Ермалёнак – кадравічка любаньскага калгаса і жонка старшыні калгаса адначасова – вельмі ўзрадавалася маладому работніку і кажа:

– А вы ж мой любы! А вы ж у нас працавалі! Давайце сваю паперу. Уладкуем на працу пастухом….

– Але ж мяне з ЦЗ накіравалі цялят даглядаць? Казалі, што вам патрэбен менавіта такі работнік.

– Не, не, за цялятамі ўжо ёсць каму хадзіць, а вось пастухоў брак. Вы ж у нас пастухом працавалі.

– Добра, кажу, а заробак?

– 2,5 мільёны.

– Дык прэзідэнт казаў, што сярэдні па краіне 500-600 даляраў?

– Дзе мы вам возьмем тыя 500-600 даляраў?

– Добра, кажу, пагаджаюся. Але папярэджваю, што я сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і займаюся грамадскай дзейнасцю. Каб потым мяне праз месяц за гэта не звальнялі.

– Дык нічога, займайцеся, толькі працуйце.

– У мяне суд па адміністрацыйнай справе 12 чэрвеня.

– Ды нічога, галоўнае, пасіце кароў.

– Але адразу папярэджваю, калі ўмовы будуць, як летась, што разам з каровамі ваду з бочак буду піць пры такім мізэрным заробку – ствараю незалежны прафсаюз, каб змагацца за свае правы.

– Дык вы ў нас бузіць збіраецеся? Тады вы нам не патрэбны. Ідзіце да старшыні, ён вам ліст з Цэнтра занятасці падпіша, што на рабочае месца ўзялі ўкраінца.

Старшыня Віталь Ермалёнак з задавальненнем падпісаў ліст, што месца ўжо “занята”.

Беларускае Радыё Рацыя