“Быў у пана верабейка гаварушчы…”



Кнігу пра свае падарожжы па мястэчках Беларусі прэзентаваў у Глыбокім Зміцер Бартосік. У ёй журналіст радыё “Свабода”, рускі па нацыянальнасці,  распавёў пра сваю першую сустрэчу з Беларуссю, адаптацыю ў гэтай краіне, пра ўплыў беларускай мовы на яго асобу і апісаў сустрэчы з цікавымі людзьмі.

У кнізе аўтар сабраў гісторыі з жыцця беларусаў XX стагоддзя, пра якія сведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцця.

– На першы план выйшлі чалавечыя гісторыі, лёсы, нейкія выпадкі з самай жахлівай эпохі Беларусі. Над гэтай кнігай я працаваў каля года. Мне падавалася, што я збяру самыя цікавыя перадачы пад адну вокладку і ўсё будзе добра. Але я трапіў у рукі да самага прафесійнага і патрабавальнага рэдактара ў нашай краіне Сяргея Дубаўца, які змусіў мяне з гэтага зборніка перадач зрабіць кнігу.

У Глыбокім адбылася першая прэзентацыя кнігі, бо  менавіта дзякуючы глыбачаніну Змітру Лупачу і Глыбокаму з’явіўся цыкл перадач “Падарожжы Свабоды”. Глыбоцкаму журналісту і прысвяціў сваю кнігу Зміцер Бартосік. Прэзентацыя кнігі мяркуецца яшчэ ў шэрагу гарадоў Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі