Чалавек як «жывая кніга»



„Жывая бібліятэка” вось ужо другі раз прайшла ў Гародні. Сваімі ўспамінамі падзяліліся сталыя гарадзенцы, навучэнцы Універсітэта Залатога Веку ў залі па вуліцы Будзёнага, 48А. Для маладых паслухаць успаміны – гэта нагода пачуць незнаёмыя гісторыі, якія ў папяровай кніжцы не прачытаеш.

Кажа Ганка Барадзіна – адна з арганізатараў „жывой бібліятэкі”.

– Гэтым разам мы вырашылі назваць яе «Сямейны фотаальбом». Падабраліся такія цікавыя суразмоўцы, якія будуць распавядаць пра свае сямейныя гісторыі, пра цікавыя авантуры, падарожжы, вялікае каханне ў іх сям’і, пра цікавыя мясціны, дзе ім давялося жыць і працаваць.

Нас 5 чалавек. І мы працуем зараз над стварэннем базы, выставы ці нейкага выдання з такімі цікавымі ўспамінамі гэтых людзей.

«Жывая бібліятэка» адрозніваецца ад звычайнай тым, што кнігамі выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі. А наведнікі бібліятэкі выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу. Тэмы, якія разглядаліся прысутнымі гарадзенцамі, былі наступныя:

  • Як жылося ў Гародні ды ваколіцах у пасляваенны час?
  • Як беларуска нарадзілася і пражыла дзяцінства ў Паўночнай Карэі?
  • Наколькі трывалым можа быць каханне?
  • Чаму можа навучыць нас досвед адной сям’і?

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара