Чальцы Свабоднага прафсаюза ў Полацку пад пагрозай звальнення



Пад пагрозай звальнення аказаліся ўсе чальцы Свабоднага прафсаюза на прадпрыемстве „Полацк Шкловалакно”. Год таму было прынята рашэнне чальцам Cвабоднага прафсаюза не плаціць сяброўскія складкі праз завадскую бухгалтэрыю, каб не паказваць прафсаюзны актыў.

Кіраўніка прафсаюзай арганізацыі Віктара Стукава звольнілі і забаранілі яму ўваход на прадпрыемства. Але ў судзе Стукаў даказаў, што мае права праходзіць на тэрыторыю завода для працы з чальцамі сваёй прафсаюзнай арганізацыі. Аднак прайсці на прадпрыемства ўдалося толькі пры ўдзеле судовага выканаўцы:

– Вялікімі, максімальнымі высілкамі ў прысутнасці судовых выканаўцаў, прычым вымусілі пацвердзіць прыналежнасць да Свабоднага прафсаюза прынамсі аднаго работніка шляхам прад’яўлення заявы пра ўступ у прафсаюз.

Віктар Стукаў прад’явіў адну такую заяву. Яго прапусцілі на тэрыторыю прадпрыемства, але не ў вытворчыя карпусы. На дошках аб’яваў ён змясціў прафсаюзныя абвесткі. Але ўжо наступнага дня пачаўся ціск на таго работніка, заяву якога Стукаў паказаў адміністрацыі і судоваму выканаўцу:

– А 7-й раніцы яму тэлефанаваў начальнік, яму загадалі напісаць тлумачэнне на імя начальніка цэха, што ён не з’яўляецца чальцом прафсаюза. Пасля ўжо ператэлефанавалі і сказалі, каб ён напісаў, што больш за год не з’яўляецца чальцом прафсаюза. Будзе пісаць як сказалі, бо іначай звольняць.

Як адзначае Віктар Стукаў, на працоўных сходах на прадпрыемстве адкрыта гавораць, што за прыналежнасць да Свабоднага прафсаюза работнікі будуць звальняцца.

Беларускае Радыё Рацыя