Чаму пачаўся ціск на праваабаронцаў?



“Праваабаронцы заўсёды былі пад асаблівай увагай улады. Ціснуць, як і на астатніх”, – кажа старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак.

Для многіх стала ў пэўным сэнсе нечаканасцю, калі сілавікі 25 сакавіка ўварваліся ў праваабарончы цэнтр “Вясна” і былі затрыманы каля 60 прысутных – праваабаронцы, міжнародныя назіральнікі, журналісты.

Увогуле, апошнім часам з розных гарадоў краіны прыходзяць звесткі пра пераслед праваабаронцаў у звязку з масавымі пратэстамі, якія адбываюцца з сярэдзіны лютага.

Алег Гулак: Пра падставы для брутальных затрыманняў у офісе “Вясны” 25 сакавіка можна толькі меркаваць, але, як мне падаецца, тут не вельмі шмат варыянтаў. Альбо ўлады хацелі нейтралізаваць праваабаронцаў, каб тыя не змаглі паўнацэнна назіраць за тым, што адбывалася падчас акцыі і пасля яе, альбо ў сілавікоў была нейкая неправераная інфармацыя ў адносінах да нас, якая не пацвердзілася. Патэнцыйна магчымыя абодва варыянты. Але праваабаронцы заўсёды былі пад асаблівай увагай улады. Ціснуць, як і на астатніх.

РР: З такімі сітуацыямі раней вы сутыкаліся?

Алег Гулак: Каб быў менавіта  такі “хапун”, то такога не памятаю, але рэпрэсіі супраць праваабарончай супольнасці адзначаліся і пасля Плошчы-2010. Увогуле, калі ацэньваць сітуацыю з юрыдычнага пункту гледжання, то гэта – беззаконне. Але, відаць, улады зыходзяць з нейкай сваёй логікі. Магчыма, такім чынам хацелі паказаць, што ў іх усё пад кантролем, але ж не трэба перагінаць палку. Хацелася б верыць, што на гэтым улады спыняцца, махавік рэпрэсій не будзе раскручвацца.

РР: Але ж улады апраўдваюцца тым, што народ прыйшоў на несанкцыянаваную акцыю…

Алег Гулак: Безумоўна, хацелася б, каб у тых, хто адносіць сябе да лідараў пратэстаў, была нейкая адказнасць за тое, што робяць. Каб яны думалі, да чаго сітуацыя можа прывесці. Але ў любым выпадку трэба найперш умець рэагаваць нават на непрыемныя выклікі. І трэба цалкам усведамляць, што дзеянні людзей былі абсалютна мірнымі. Не было ніякіх падстаў для таго, каб прымяняць фізічную сілу. Можа быць, меліся патэнцыйныя пагрозы правакацыйных дзеянняў асобных грамадзян, але ж у гэтым выпадку сілавікам трэба ўмела рэагаваць на такую інфармацыю. І ў межах закона, чаго мы не ўбачылі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя