Чаму трывожна за Беларускую АЭС?



“Падчас будаўніцтва АЭС адказнасць павінна быць большая ў некалькі разоў”, – кажа прафесар, удзельнік работ па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Георгій Лепін.

 “Росатам” паведаміў, што днямі быў устаноўлены корпус рэактара першага энергаблока Беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Будаўніцтва працягваецца…

Георгій Лепін: З вуснаў высокіх чыноўнікаў сёння гучыць, што Беларуская АЭС будзе ледзь не самай бяспечнай атамнай электрастанцыяй у свеце. Але тое, што яе будуе Расея, не з’яўляецца ўзмацняльным фактарам. Хутчэй – наадварот. Расейскія распрацоўкі ў гэтай вобласці ацэньваюцца ў свеце вельмі нізка. Таму я не разумею эйфарыі тых, хто бачыць у супрацы з расейцамі пры будаўніцтве АЭС вялікі плюс.

РР: Вы не верыце, што сёння атамная станцыя можа быць бяспечным праектам?

Георгій Лепін: Усе мы ведаем наступствы Чарнобыля – сотні тысяч людзей сур’ёзна пацярпелі, было шмат ахвяраў. Здаецца, гісторыя павінна навучыць. А вы паглядзіце, што зараз робіцца падчас будаўніцтва АЭС? Адкуль бяруць працоўных? Ведаю, што ёсць зусім маладыя хлопцы з Украіны, Расеі, якія не маюць вялікага вопыту працы на такога кшталту аб’ектах. А тут жа за адказнасць павінна быць у тры разы большая! Альбо што там за такелажнікі такія, што ўпусцілі корпус рэактара? Гэты ж корпус не проста гладкі, а там ёсць розныя патрубкі, значыцца трос ужо не мог саслізнуць. Дык што гэта за работа? Каманду “шабашнікаў” з вуліцы набралі? Паўтаруся, пры будаўніцтве такога стратэгічна важнага і небяспечнага аб’екта, як атамная электрастанцыя, не можа быць дробязей наогул. Нават не сем, а дваццаць разоў трэба адмераць, а адзін раз адрэзаць. Таму я не веру ва ўсе гэтыя гучныя заявы пра бяспечную АЭС і нашы цудоўныя дасягненні. Мне вельмі трывожна…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя