Чарговы інцыдэнт у жодзінскай турме



У турме № 8 Жодзіна (Мінская вобласць) 20 верасня раптам сканаў 37-гадовы жыхар Слуцка Ігар Барбашынскі, паведаміла газета „Новы час” са спасылкай на маці памерлага.

Афіцыйна пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося. У дэпартаменце выканання пакаранняў МУС на просьбу аб каментары прапанавалі даслаць пісьмовы запыт, адказ на які будзе дадзены „ў адпаведнасці з заканадаўствам”, а ў жодзінскай турме заявілі, што каментараў па тэлефоне не даюць.

Паводле інфармацыі „Новага часу”, у канцы сакавіка гэтага года Ігар Барбашынскі і яго брат Іван былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі па дарозе дадому пасля наведвання начнога кафэ. Братоў абвінавацілі ў тым, што яны знаходзіліся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, і даставілі ў выцвярэзнік. На наступны дзень у выцвярэзнік была выкліканая хуткая дапамога, якая адвезла затрыманых у паліклініку, там у іх былі зафіксаваныя пераломы рэбраў і множныя гематомы. Браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб збіванні іх супрацоўнікамі міліцыі.

Пасля высветлілася, што супраць Барбашынскіх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы пасля інцыдэнту яны зноў былі затрыманыя і змешчаныя ў следчы ізалятар Жодзіна. У жніўні ў судзе Слуцкага раёна адбыліся тры судовыя пасяджэнні па справе. На гэты момант судовы працэс не скончаны.

„20 верасня, каля дзевяці гадзін раніцы мне патэлефанавалі з жодзінскай турмы, сказалі, што памёр мой сын, і далі нумар тэлефона для сувязі. Ніякіх прычын і абставін смерці не паведамілі. Сказалі толькі, што трэба прыязджаць заўтра — забіраць цела. Я крычала ў тэлефон — як гэта памёр? Ён жа такі здаровы быў, маёр у адстаўцы, былы ваенны, займаўся спортам, амаль не нічым не хварэў? Што здарылася? У адказ — ніякай інфармацыі”, — цытуе „Новы час” маці загінулага Галіну.

Прычыны смерці пакуль не вядомыя.

Гэта не першы такі інцыдэнт у гэтай турме. У пачатку года там спрабаваў пакончыць з сабой 20-гадовы Ягор Пратасеня. 29 сакавіка ён памёр дома, не выходзячы з комы пасля спробы суіцыду.

БелаПАН