Чарговы пратакол за ўшанаванне памяці паўстанцаў



На грамадскага актывіста Алеся Меха з Кобрына складзены чарговы адміністрацыйны пратакол за ўдзел у свіслацкай акцыі  памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Пратакол склаў старэйшы ўчастковы Кобрынскага РАУС Юрый Свідуновіч, кажа Алесь Мех:

— Сёння па позве  я быў выкліканы да старшага участковага інспектара маёра міліцыі Свідуновіча, які азнаёміў мяне з матэрыяламі адміністрацыйнай справы за мой удзел у мерапрыемствах па ушанаванню памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага. Мяне абвінавачваюць у тым, што я удзельнічаў у мітынгу і несанкцыянаваным шэсці. Сведкамі выступаюць, як звычайна у такіх справах, супрацоўнікі міліцыі. Справа перададзена ў суд.

Паводле Алеся Меха, у лістападзе мінулага года ён быў таксама пакараны штрафам за ўдзел у Свіслацкім фэсце.

Наогул з лістапада мінулага года гэта ўжо пятая адміністрацыйная справа, заведзеная на яго супрацоўнікамі міліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя