„Чарнобыльскі шлях” у Менску



Калона дайшла да плошчы Бангалор. Але перад месцам, дзе павінен адбыцца мітынг, АМАП выставіў рамкі для агляду ўдзельнікаў мітынгу. Мітынгоўцы адмовіліся праходзіць праз рамкі. Таму арганізатары акцыі прынялі рашэнне не праводзіць мітынг.

З Менску перадае наш карэспандэнт Стас Дэдэрка:

– Я зараз знаходжуся ля манументу ахвярам Чарнобыля. Я тут адзін, вакол ні душы, але менавіта тут мусіў прайсці мітынг і завяршэнне акцыі. Аднак людзі палічылі для сябе ганебным праходзіць праз агляд АМАПа, і мітынг фактычна не адбыўся. Віталь Рымашэўскі прапанаваў правесці хвіліну маўчання, былі кароткія выступы. Людзі паступова пачалі разыходзіцца. АМАП адразу пачаў прыбіраць столікі для агляду. Зараз тут нікога з амапаўцаў няма. Калі не ўлічваць такі скамечаны фінал, то “Чарнобыльскі шлях” сёлета атрымаўся. Прыйшло каля тысячы чалавек і людзі сапраўды заявілі, што мы памятаем пра Чарнобыльскую аварыю, мы хочам ведаць праўду пра яе і ні ў якім разе нельга будаваць у Беларусі другі Чарнобыль у выглядзе Астравецкай АЭС.

Перадае карэспандэнт Радыё Рацыя Стас Дэдэрка:

– Толькі што калона падышла да царквы, дзе павінен адбыцца мітынг, але тут высветлілася, што даволі вялікая тэрыторыя агароджана турнікетамі. Стаіць восем столікаў, шмат амапаўцаў. Усім прапануюць прайсці дагляд. Усяго каля тысячы ўдзельнікаў шэсця, таму невядома наколькі часу гэта расцягнецца. Некаторыя ўжо крычаць: “Ганьба!”

Шэсце прайшло вельмі арганізавана. Начале калоны неслі абраз, шэсце традыцыйна суправаджалася звонам, расцяжка “Чарнобыльскі шлях”, сцяг Украіны, пра наяўнасць якога папярэдне было дамоўлена з міліцыяй. Як стала вядома, Святлана Алексіевіч, якая была абрана ганаровай старшынёй аргкамітэта “Чарнобыльскага шляху”,  прысутнічаць не зможа, але яна перадала адмысловы тэкставы зварот.

Калона будзе рухацца да плошчы Бангалор у сквер Дружбы народаў, дзе знаходзіцца Чарнобыльская капліца. Там адбудзецца мітынг і малебен за ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

DF0B914EBF253

ED0723C53826EF183

9B47D5FA303C434

2377716AC5F8

BBDE3FBDD8

1892261C260FCA1

Мноства сцягоў, большасць бел-чырвона-белых, таксама сцягі заяўнікаў акцыі, шмат плакатаў, расцяжак. Нават Смерць з касой ходзіць у натоўпе з надпісам “Астравец”. З палітыкаў прысутнічаюць Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Таццяна Караткевіч, прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, якія, дарэчы, апранулі касцюмы хімабароны. Шмат прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, шкада, няма Святланы Алексіевіч.

Таксама збіраюць подпісы за вызваленне Эдуарда Пальчыса і Кірыла Селівончыка.

Машыны рэагуюць ціха, рэакцыя мінакоў даволі стрыманая, але ж і нагода даволі сумная.

Людзі, якія падлічваюць колькасць удзельнікаў акцыі, паведамілі, што ў шляху бярэ ўдзел 870 чалавек.

Старшыня партыі БНФ, заяўнік акцыі Аляксей Янукевіч паведаміў, што пачынаецца фармаванне калоны для маршу.

Пачынаецца збор удзельнікаў “Чарнобыльская шляху”. Сёлетняя акцыя асаблівая – мінула 30 гадоў з таго часу, як адбыўся выбух на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Частка тэрыторый Беларусі, пераважна ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, у выніку сталі аднымі з самых забруджаных радыёактыўнымі адпадамі.

Каля кінатэатра “Кастрычнік” у Менску знаходзіцца наш карэспандэнт Стась Дадэрка: – Першымі пачалі тут збірацца міліцыянты, у тым ліку і ў штацкім. Людзі прыносяць расцяжкі: ”SOS!”, “Чарнобыль – другі Астравец”. Сярод патрабаванняў арганізатараў, як вядома, спыненне будаўніцтва беларускайй АЭС у Астраўцы, раскрыццё поўнай інфармацыі пра наступствы Чарнобыля, і спыненне асваення забруджаных тэрыторый. Надвор’е ў Менску халоднае, ідзе невялікі дождж, пахмурна, але народ працягвае збірацца. Нагадаю, што збор будзе працягвацца да 18.30.

* * *

Збор удзельнікаў акцыі павінен прайсці з 18.00 да 18.30 каля кінатэатра „Кастрычнік”, затым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці, дзе ў 20.00 запланаваны мітынг і цырымонія ўскладання кветак.

Чарнобыльскі шлях

Мэтай акцыі з’яўляецца прыцягненне грамадскай увагі да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, праблеме развіцця атамнай энергетыкі, экалогіі і якасці жыцця ў краіне, а таксама публічнае выказванне ўдзельнікамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў.

Партыя „Зялёныя” ўпершыню будзе фармаваць сваю асобную калону на „Чарнобыльскі шлях”. Пра гэта паведаміў прадстаўнік партыі Алег Новікаў. Змены будуць і ў лозунгах:

– Галоўная, безумоўна, тэма АЭС, але я думаю, што мы ўжо зараз павінны ўкладаць больш глабальны сэнс. Калі раней мы былі толькі супраць Астравецкай АЭС, то цяпер “зялёныя” паступова намагаюцца фармуляваць лозунг, што трэба глядзець у будучыню і думаць пра Беларусь, якая будзе існаваць за кошт альтэрнатыўнай энергетыкі.

Сёлета ганаровым старшынёй аргкамітэта акцыі „Чарнобыльскі шлях” стала нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

Напярэдадні сябры Руху „За Свабоду” распаўсюдзілі каля пяці тысяч асобнікаў друкаванай прадукцыі – улётак і плакатаў, якія прымеркаваныя да акцыі „Чарнобыльскі шлях”.

Акцыя пройдзе 26 карсавіка ў Менску, у 30-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Матэрыялы раздавалі з моманту атрымання дазволу на акцыю.

Распавядае намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Мерапрыемства дазволенае, таму ніякай рэакцыі з боку ўладаў ці праваахоўных структураў не было. Мы раздавалі ўлёткі каля станцыі метро “Акадэмія навук”, непасрэдна каля кінатэатра “Кастрычнік” і іншых выхадаў з метро, бо гэта тое месца, дзе будуць збірацца людзі на “Чарнобыльскі шлях”. І вельмі важна, каб мінакі, пераважна студэнты і жыхары вакольных дамоў, мелі дастатковую інфармацыю пра мерапрыемства, бо для іх будзе куды меншай праблемай знайсці некалькі гадзін, каб паўдзельнічаць у „Чарнобыльскім шляху”.

Як адзначае Юрась Губарэвіч, каля шасцісот улётак былі раздадзеныя ля кінатэатра „Кастрычнік” і „Акадэміі навук” літаральна за 15 хвілінаў. Але большасць раней расклалі па паштовых скрынях, а плакаты расклеілі ў розных раёнах горада.

Антон Разумоўскі, фота Хлябца Максіма, Беларускае Радыё Рацыя