Чэхі ачысцяць сцёкавыя воды Берасця да яго тысячагоддзя



Чэшская кампанія Metrostav падпісала кантракт з берасцейскімі ўладамі ў справе будаўніцтва ў горадзе станцыі ачысткі сцёкавых вод.

Яго аб’ём складае каля 7 млн ​​еўра, якія выдатковае Паўночны інвестыцыйны банк у рамках рэалізацыі Хельсінкскай канвенцыі па абароне марскога асяроддзя раёна Балтыйскага мора.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Metrostav, будаўніцтва станцыі плануецца завяршыць да 2019 года – да 1000-годдзя заснавання Берасця.

Metrostav – гэта чэшская будаўнічая кампанія, уладальнікам кантрольнага пакета якой з’яўляецца DDM Group. Кампанія актыўна працуе па замежных заказах, якія складаюць у яе партфоліа каля траціны абароту. Metrostav мае досвед працы ў Беларусі, дзе ўдзельнічала ў збудаванні лагістычных аб’ектаў і мытнага тэрмінала.

ej.by