Чыіх патрыётаў выхоўвае клуб “Русіч”?



Рэчыцкі райвыканкам стварыў арганізацыю прыхільнікаў “рускага свету” і спрыяе пашырэнню яе поглядаў сярод моладзі.

Прыхільнікі расейскага панавання на ўсёй постсавецкай прасторы цяпер будуць мець у Рэчыцы афіцыйна зарэгістраваную структуру, якая нібыта скіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі. Вось толькі патрыётаў якой краіны будуць выхоўваць аматары дарослай гульні “ў вайнушку”, актывісты так званага страйкбольнага клуба “Русич”, пасведчанне аб рэгістрацыі якога выдадзена Рэчыцкім райвыканкамам за подпісам першага намесніка старшыні раённай улады Сяргея Ярца, – вялікае пытанне.

Y-csFcL3mlo

Ужо сама назва клуба, якая мае вельмі спрэчнае дачыненне да беларускай гісторыі, выклікае не самыя патрыятычныя асацыяцыі, прынамсі, калі сыходзіць менавіта з беларускага патрыятызму. Усялякія сумневы развейвае наведванне суполкі гэтага фармавання ў сацыяльнай сетцы Укантакце. Выявы людзей у форме расейскіх спецслужбаў, малюнкі цяжкаўзброеных “Матрошак” – гэта толькі першыя крокі новастворанай суполкі арганізацыі ў сацыяльнай сетцы.

u1XXojYvgxE

А калі зазірнуць на старонкі арганізатараў клуба, то робіцца відавочнай іх прарасейская скіраванасць, разыходжанне ў поглядах на расейска-ўкраінскі канфлікт не толькі з сусветнай супольнасцю, але і з афіцыйнай пазіцыяй нашай дзяржаўнай улады, палітычная спекуляцыя на гэтым канфлікце і поўная адсутнасць хаця б якіх патрыятычных пастоў у дачыненні да Беларусі, як самастойнай і незалежнай дзяржавы, якая мае ўласную гісторыю, прычым у большай сваёй частцы, не тоесную гісторыі Расеі.

naanv90qqrq-63txp

Як бачна, напрыклад, са старонкі кіраўніка клуба – нейкага Дзмітрыя Марозава, ён практычна не адчувае таго, што ягонай краінай з’яўляецца Беларусь.

MuBW369xn2g

Пры гэтым, такога кшталту суб’екты ўжо зараз займаюцца апрацоўкай розумаў маладога пакалення рэчычан у дзяржаўных установах адукацыі, а мясцовымі дзяржаўнымі медыямі гэта падаецца як станоўчая з’ява. Як паведаміла на сваім сайце раённая газета “Дняпровец”, напрыканцы студзеня гэты самы Дзмітрый Марозаў праводзіў нейкія заняткі з навучэнцамі Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, што дзейнічае на базе сярэднай школы № 10 Рэчыцы, і дзе збіраюцца для вывучэння дапрызыўнай падрыхтоўкі шкаляры з усяго горада.

zeoxsguewas-bxxa6

У артыкуле “раёнкі” паведамляецца таксама, што арганізацыя стваралася пры непасрэднай падтрымцы намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталя Атаманчука і спецыяліста аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама, які курыруе спартовы накірунак у раёне, Аляксандра Горбача.

10696_1-2klwy

Каму ж патрэбныя уласнаручна выгадаваныя Стралковы і Гіркіны ва ўсходняй Беларусі? Чаму імі апякуюцца такія высокапастаўленыя кіраўнікі ў мясцовых адміністрацыях? Пытанні, адказы на якія ведаюць хіба што гаспадары тых самых высокіх кабінетаў у разнастайных адміністрацыях. Пры гэтым, яшчэ год таму, беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на прэсканферэнцыі для айчынных СМІ афіцыйна заяўляў, што рознага кшталту сепаратысцкія фармаванні ў Беларусі будуць знішчаныя. “Я даручаў нашым спецслужбам знайсці гэтых чарнасоцінцаў, прыняць меры і далажыць. І паверце — меры прынятыя. Калі ў вас ёсць дадзеныя, што недзе яны там па лесе бегаюць, то паведаміце. Мяне яшчэ і крытыкавалі за гэта. Я ўжо распарадзіўся. Вы не хвалюйцеся, я кантралюю сітуацыю,” – казаў Лукашэнка яшчэ 29 студзеня мінулага году.

Як бачым, словы кіраўніка дзяржавы зноў разыходзяцца з рэальным становішчам спраў на месцах. Пры гэтым тых, хто “бегае па лясах” з “рускім светам” у галаве, падтрымліваюць менавіта прадстаўнікі гэтай самай улады, якая сёння абвяшчае сябе гарантамі канстытуцыйнага ладу нашай незалежнай краіны.

Беларускае Радыё Рацыя паводле матэрыяла, дасланага нашым чытачом з Рэчыцы

Фота: vk.com