Чым будуць займацца ў Гародні валанцёры з Польшчы і Францыі?



На інтэгральнай сустрэчы ў Доме-46 валанцёры Еўрапейскай валанцёрскай службы Кася і Эмрык распавялі, чым плануюць заняцца ў Беларусі. На працягу 9 месяцаў гарадзенцы змогуць бліжэй пазнаёміцца з польскай і французскай культурай, падвучыць польскую і французскую  мовы, а таксама паўдзельнічаць у розных майстар-класах, якія будуць ладзіць валанцёры. На сустрэчы Кася паабяцала навучыць ахвотных спяваць і нават з выступамі наведаць польскія гарады.

Сама валанцёрка скончыла эканоміку ў Варшаве, ніколі праблем з працай не мела, аднак адчула, што яе пакліканне – гэта выкладаць.

– Я працавала некалькі гадоў у бізнесе і ў нейкі момант вырашыла нешта крыху змяніць у маім жыцці. Кіраўніцтва сустрэла гэтую ідэю са здзіўленнем: чаму я пакідаю працу? Я атрымала шмат ведаў і значны досвед у сваім жыцці. І цяпер хацела б перадаць іх іншым людзям.

У сваю чаргу валанцёр з Францыі Эмрык плануе правесці музычныя і камп’ютарныя майстар-класы.  Акрамя таго, валанцёры адкрытыя на пытанні і прапановы саміх гарадзенцаў. Скантактавацца з імі можна праз кардынатараў Еўрапейскай валанцёрскай службы ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня