Чым закончацца пратэсты?



Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў прагназуе, якія могуць быць далейшыя варыянты развіцця падзей у сувязі з масавымі пратэстамі.

Андрэй Дзмітрыеў: Далей могуць быць некалькі варыянтаў развіцця падзей. Першы сцэнар – добры. Гэта калі ўлада рэальна ўбачыць, што на маршах не апазіцыя пратэстуе, а выходзяць на вуліцу простыя людзі, якіх хвалюе не столькі палітыка, сколькі свой гаротны стан. Гэта ахвяры той эканамічнай палітыкі, якую праводзілі ўлады. Таму апошнім трэба было б зараз зрабіць некалькі крокаў. Першы – распачаць вялікі палітычны дыялог, якія будзе накіраваны на рэальныя рэформы ў краіне. І другі – пачне эканамічныя рэформы, якія прапісаны ў сотнях дакументах і прапановах. Ва ўлады ўсё гэта ёсць, але не хапае палітычнай волі распачаць іх. Трэцяе – неабходна пачаць будаваць нарамальную сацыяльную абарону людзей, бо сёння мы маем дзяржаву нетрадыцыйнай сацыяльнай арыентацыі. Гэта трэба выпраўляць, бо без сацыяльнай абароны не будзе і аніякіх эканамічных рэформ.

РР: А які дрэнны варыянт?

Андрэй Дзмітрыеў: Дрэнны варыянт той, які, як мне падаецца, зараз хочуць рэалізаваць у першую чаргу сілавікі. Гэта варыянт татальнай “зачысткі”. Мелі нахабнасць у цяжкі для краіны час галаву падняць? Дык па гэтай галаве так дадзім, што болей яе ніколі не падымеце. І гэта вельмі дрэнны варыянт, бо ён разварочвае Беларусь у адзіным накірунку руху – у Расею. Ён выключае шанцы на тое, каб беларусы сталі жыць лепш, таму што відавочна – у такім выпадку нават чакаць не варта аніякіх рэформ і свабод. Акрамя таго, такі варыянт можа прадвызначыць не жыццё, а існаванне Беларусі на вельмі працяглы перыяд наперад. Таму, спадзяюся, і ў тых, хто выйдзе 25 сакавіка на Дзень волі, і ва ўлады хопіць розума. І разумення таго, якая зараз ляжыць на нас адказнасць, каб краіна пайшла ўсё-такі па першаму шляху. Не павінна быць правакацый з абодвух бакоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя