Чыноўнікі са Слонімскага райвыканкама захваляваліся



Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярына Руткоўская  запрасіла да сябе ў райвыканкам грамадскіх актывістаў Слоніма Алеся Масюка і Віктара Марчыка і прапанавала правесці сустрэчу слонімцаў з прадстаўнікамі мясцовай улады ў памяшканні райвыканкама, а не на плошчы Леніна 19 сакавіка ў 15 гадзін.

Грамадскія актывісты сказалі, што яны не з’яўляюцца арганізатарамі гэтага мерапрыемства,але калі людзі пагодзяцца на такую сустрэчу ў памяшканні, то гэта іх справа.

Нагадаем, што за апошнія гады ў Слоніме закрыліся і не працуюць аўтарамонтны завод, фабрыкі “Тэкстыльшчык”, “Пер’е-пуховых вырабаў”, “Гасцінічная мэбля”, сельгастэхніка і іншыя прадпрыемствы. Слонімскія маслазавод далучылі да Шчучынскага і зрабілі з завода цэх, вінзавод далучылі да Дзятлаўскага вінзавода і г.д. Але з гэтымі далучэннямі справа не зрушылася ў лепшы бок. І сотні людзей у Слоніме застаюцца без працы і належнага заробку.

Мясцовыя чыноўнікі закрылі міні-рынак на Брэсцкай вуліцы, амаль не працуе рынак “Косаўскі”, праблемы з рынкам “Наш край”. Прадпрымальнікі закрываюць свой уласны бізнес. За апошнія 20 гадоў у Слоніме не адкрылі ніводнага прадпрыемства. Але пабудавалі вялікія гмахі для міліцыі, ДАІ, пракуратуры, суда, адкрываюць розныя “алмі” і “еўраопты”. Працы ў Слоніме няма, заробкі мізэрныя, кошты на харчаванне ў гэтых “еўраоптах” растуць. Жыць стала ў Слоніме немагчыма і вельмі цяжка.

Пра ўсё гэта слонімцы і будуць казаць падчас грамадскага сходу 19 сакавіка ў цэнтры горада.

Беларускае Радыё Рацыя