Чыноўнікі цяпер могуць не даваць адказ на мове звароту?



Юрыст, каардынатар грамадскай ініцыятвы “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак вырашыў праверыць, як дзейнічае закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, які цяпер абавязвае юрыдычныя асобы даваць адказы грамадзянам на мове звароту.

Ігар Случак

Фота svaboda.org

У лістах да футбольнага клуба “Граніт” Ігар Случак прапановаў больш шырока ўжываць беларускую мову ў спартовай дзенасці. Але старшыня савета футбольнага клуба Марына Быстрая спачатку ўвогуле не адказвала на лісты, а затым па-расейску адказала, што не бачыць ніякай карысці для клуба ў беларускай мове:

– Адказы прынцыпова пачалі даваць па-расейску. У сувязі з тым, што „Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” у артыкуле 18-ым кажа пра тое, што адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту, то я звярнуўся з прапановай прыцягнуць старшыню савета Марыну Быструю да адказнасці. Лунінецкім райвыканкамам быў складзены пратакол і перададзены ў суд.

На здзіўленне Ігара Случака выявілася, што выкананне закона не падмацавана адмысловым артыкулам у адміністрацыйным кодэксе:

– Суд вынес пастанову пра спыненне адміністрацыйнай справы на падставе таго, што ў пераліку артыкула 9.13 няма такога кваліфікуючага складу. Ёсць у „Законе аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” норма, што павінны даваць адказ па-беларуску на беларускамоўны зварот, але на практыцы яна ніяк, нічым не падтрымана. Атрымліваецца, што ёсць абавязак, але няма нейкага рычага па яго выкананні, таму атрымліваецца, што неабавязкова даваць адказ на мой зварот.

Такім чынам, кажа Ігар Случак, для дэпутатаў парламента ёсць яшчэ адна справа, бо атрымліваецца, што не прадугледжваецца ніякага пакарання за парушэнне нормы закона.

listy_sluczak

listy_sluczak2

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя