“Cкоцкае” жыццё ў цэнтры Менска



У цэнтры Маскоўскага раёна Менска, у атачэнні спартыўнага комплекса ды інтэрната Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі прэзідэнта, гасцініцы “Камфорт” ды ў кіламетры ад сталічнага Галоўпаштамта – месцяцца каля двух дзясяткаў прыватных драўляных хатаў. Яны знаходзяцца на частцы вуліцы Разінскай ды ў трох завулках – Талінскім, 6-ым ды 7-ым Чыгуначных. Некалькі сотняў жыхароў, што тут пражываюць, сваё існаванне называюць “скоцкім”.

Перакошаныя хаціны, дзе-нідзе дзіравыя стрэхі, невялікія спрэс усыпаныя яблыкамі гароды з парнікамі – ураджай сёлета ўдаўся. Але ўжо дзясяцігоддзі, як не ўдаецца іх жыццё і быт.

img_1370

Пенсіянеры Сяргей ды Людміла Кабанавы, што пражываюць на Разінскай, 105 ужо 40 год:

– Як выбары раней – абяцалі правесці і газ, і ваду, а значыць і прыбіральню не на вуліцы зрабіць. Дзіцячую пляцоўку пабудаваць на пустыры, што быў. Раней, пры Савецкай уладзе, хоць для выгляду хадзілі цікавіліся як жывем. А пры Лукашэнку толькі паперкі шлюць а галасаванне – з ілжывымі абяцаннямі “палепшыць дабрабыт”. Нас чацвёра на 30 метраў квадратных – я, сын, дачка і жонка. Купіць дроў на зіму колатых-піленых – паўтара млн. Потым калонка. Ну колькі нам трэба вады ў дзень? Не больш за 4 вядры! А яны бяруць як за 2,7 куба. І яшчэ 6 кубаметраў – за паліў 4 сотак гарода. Дык столькі выліць – гэта ж патоп! Падаткі на памянёную зямлю штогод павялічваюцца напалову – сёлета ўжо да млн 400 тысяч старымі. А ў мяне дамовы на яе арэнду няма. Дах працякае – дом сто год таму пабудаваны, у 1914-м. Пры гэтым шмат год лічыцца “пад знос” – ані прадаць, ані рамонт зрабіць немагчыма… Што паспяваю, тое на печцы прыгатую, а што не – у калідоры. Плюс ручная сцірка… Атрымліваецца жытло абыходзіцца даражэй, чым камунальная кватэра з дабротамі…

img_1381

У 6-ым Чыгуначным завулку жывуць прадавачка Анжаліка Вераб’ёва ды пенсіянерка Алена Дражнікава:

– Мо хто ў ранейшыя гады і назбіраў гроша, каб купіць кватэру з дабротамі. А дзе і скуль зараз назбіраеш?! Вымушаная “пахаць”, бо на адну пенсію не пражыць, калі ў цябе тое дзяцей і ўнукі, якім хочацца нешта прыкупіць. А тым дзецям ані памыцца, ані ўбачыць нічога, акрамя заваленага падворка… А я на чарзе на кватэру на чыгунцы стаю 38 год. Чакаем зносу, а калі будзе – невядома. Найперш нехта мусіць выкупіць зямельныя ўчасткі, дзе мы жывём. Бабуля казала мая – колькі жылі, так і далей пражывём! Толку ўсё роўна ніякага – кажы не кажы…

Чарговым паперам, што прыслалі ўлады пра знос праз два гады іх дамкоў, жыхары ўжо не вераць.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара