Да 96-ых угодкаў Слуцкага збройнага чыну



„Подзвіг Слуцкага збройнага чыну, які дзявяноста шэсць гадоў таму  змагаўся з войскамі Чырвонай арміі за вольную і незалежную Беларусь неабходна памятаць і ганарыцца ім. Таму Партыя БНФ годна адзначыць чарговыя ўгодкі паўстання,” – кажа Алясей Янукевіч, кіраўнік гэтай партыі. На 26-га лістапада запланаваны шэраг мерапрыемстваў у Слуцку і Слуцкім раёне. Абавязкова адбудзецца традыцыйны аб’езд мемарыяльных крыжоў у вёсках, дзе фармаваліся атрады слуцкіх паўстанцаў і праходзілі баі – гаворць старшыня Партыі БНФ:

– Гэта Грозава, Вызна, Чырвоная Слабада, Семежава. У Слуцку пададзеная заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу. Збор запланаваны каля кінатэатра “Беларусь”, таму што музей, той гістарычны будынак, у якім адбываўся сход дэлегатаў Случчыны, зараз на рамонце. Таму мы падалі заяўку на збор каля кінатэатра. Мы пройдзем ля гэтага будынку дэманстрацыяй і запланаваны мітынг на гарадскім стадыёне.

Заяўку ў Слуцкі райвыканкам падпісалі Ігар Лялькоў – намеснік старшыні Партыі БНФ, Віталь Амяльковіч – кіраўнік слуцкай раённай арганізацыі гэтай партыі і Юрась Губарэвіч – старшыня Руху „За свабоду”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Слуцку рыхтуюцца да 96-х угодкаў збройнага чыну. Партыя БНФ і Рух «За свабоду» падалі заяўку ў Слуцкі раённы выканаўчы камітэт на правядзенне 26-га лістапада мітынгу да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

У адрозненне ад мінулага году, сёлета арганізатары павысілі запланаваную колькасць удзельнікаў да 200 чалавек. Пасля атрымання дазволу на правядзенне акцыі, актывісты праз адмысловыя запрашэнні, плануюць давесці інфармацыю аб мерапрыемстве да гараджан.

Раённыя ўлады павінны прыняць рашэнне не пазней, чым за пяць дзён да прызначанай даты.