Да Жыровіцкай крыніцы спяшаюцца людзі



Недалёка ад Жыровіцкага манастыра струменіць святая Жыровіцкая крыніца. Сюды штодзень спяшаюцца людзі, каб набраць святой жыровіцкай вады. Па ваду прыязджаюць не толькі вернікі з Беларусі, але і з многіх краін свету. І раніцай, і вечарам, і днём, і ноччу стаяць машыны каля святой крыніцы, а людзі з бутэлькамі і слоікамі спяшаюцца набраць у дарогу святой вады, бо, як пісаў паэт Алег Лойка, “рушу я да крыніцы – вады святое напіцца”.

Паводле народнай легенды, у 1470 годзе ў Жыровічах на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Успенскім саборы ў Жыровічах.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Жыровічы

Фота аўтара