Дабрачынная акцыя Саюза палякаў



Напярэдадні свята Божага Нараджэння непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі зладзіў дабрачынную акцыю ў дапамогу Гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу.

Падчас аплаткавай сустрэчы сяброў гарадской суполкі быў праведзены аўкцыён. Усе ахвотныя маглі набыць абразы аўтарства вядомых гарадзенцаў — сяброў таварыства польскіх мастакоў, што дзейнічае пры Саюзе палякаў. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на дапамогу дзецям, якія пакутуюць ад цяжкіх захворванняў – зазначыла кіраўнік аддзелу культуры Саюза палякаў Вераніка Шарэйка:

— Гэта яшчэ адзін віток у нашай дзейнасці. Мы хацелі паказаць, што мы таксама можам дапамагаць людзям, і таксама маем шчырае сэрца. Ёсць многа людзей, якія не маюць нічога і з якімі трэба дзяліцца. Акцыю мы правялі ў перадсвяточныя дні, бо ў гэты час людзі больш падатныя на добрыя ўчынкі.

Дабрачынную калядную акцыю ў дапамогу хворым дзецям Саюз палякаў ладзіць другі год запар. Акрамя гарадзенскага дзіцячага хоспіса, найбольш масавая арганізацыя нацыянальнай меншасці ў Беларусі ажыццяўляе дапамогу і іншым установам, якія займаюцца апекай над хворымі дзецьмі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня