“Даліна жабракоў” у Трасцянцы



Ля вядомай ва ўсім свеце па гіганцкаму канцлагеру часоў другой сусветнай вёсцы Трасцянец, што пад Менскам, раптоўна ўзнік некалькі год таму пасёлачак з двух дзесяткаў добра ўпарадкаваных двухпавярховых жылых катэджаў. Які тут жа выклікаў спачатку здзіўленне, а пасля абурэнне тутэйшых, якія не бяз гумару называюць яго “далінай жабракоў”.

… Пабудавалі яго паводле загаду дырэктара сталічнай фабрыкі гародніны Міхаіла Парчэўскага. Усё б нічога, але пасялілі сюды выключна кіраўнікоў ды дзіўных перасёлаў з-пад Барысава, што працавалі на прадпрыемстве бяз году тыдзень. Але, кажуць, мелі роднасныя сувязі з памянёным Парчэўскім. Пры гэтым практычна выгналі людзей, якім дагэтуль далі ўчасткі пад лецішчы. Што стаіць за гэтым, мне расказала спн. Ірына Віяленцій, вядомы далёка за межамі краіны жэньшэневод, якая была, да ўсяго, ў тыя часы сябрам прафкама.

Ірына Віяленцій: Усю сваю радню злачынна перавёз! Як дагэтуль узначальваў хлебакамбінат у Барысаве, дык пракуратура, кажуць, займалася яго “справамі”. А сюды прыехаў, дык спачатку “сваіх”, нават даярак, сюды на працу адтуль і з Магілёва аж на аўтобусе штодзень вазілі. Каб “вызваліць” “радні” месцы, ведаю, што сапраўдныя спецыялісты для гэтага пад рознымі падставамі былі звольненыя. Пры гэтым, звычайныя работнікі, паводле існуючай сістэмы, аплачваюць 50% кошту кватэр. Дык тыя ж аўтазаводцы дагэтуль многія вугла не маюць. А “родныя” з глыбінкі прыехалі, 2-3 гады патуляліся, і – калі ласка. І гэта ж не “хрушчоўскія” пакаёўкі, што некалі будавала фабрыка, а дарагушчыя сучасныя катэджы. Дарэчы, дагэтуль на іх месцы была звалка, а пасля выдзяляліся працаўнікам участкі пад лецішчы і пабудову хат. Некаму прыйшла “залётная”, што лепей пад Менскам зямлю прадаць некаму, чым нехта “бясплатна” будзе будавацца. А людзі хаткі ўжо пабудавалі – вунь, бачыце, чалавек хворы зваршчыкам працаваў, дык „сараюшка” яшчэ засталася. І тады праз Менскі райвыканкам з фармулёўкай “самазахоп” пазабіралі ў людства гэтыя землі быццам не аформленыя аніяк. Дый яшчэ па 300 тысяч адчувальных па тых часах штрафаў панакідалі. Перад гэтым усіх мярзотна падманулі, прымусіўшы саміх падпісаць, што яны “захопнікі” – маўляў, пасля гэтага і будуць усё афіцыйна афармляць. А было ж аформленае рашэнне прафкама саўгаса “Менская фабрыка гародніны” аб перадачы ўчасткаў у бестэрміновую арэнду. Але гэта чыноўнікамі не было нават прынятае пад увагу. І – забралі ўчасткі, з-за чаго людзі, што адпрацавалі на фабрыцы ўсё жыццё, так і не змаглі пабудавацца. І пасля таго, як “шэфскія” МАЗ і МТЗ пералічылі грошы на ўздым фабрыкі, “жабракі” сабе замест таго катэджаў і панабудавалі!

Спадарыня Віяленцій лічыць само існаванне “даліны жабракоў” асабліва абуральным, калі 13 тысяч працаўнікоў трактарнага завода ды “МАЗа” з “БелАЗам” за апошнія 3 месяцы вымушаны былі сыйсці альбо звольненыя з прадпрыемстваў. Маўляў, перад намі адзін з самых дурных “помнікаў” існуючай сістэмы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя