Даніна памяці загінулым палякам



У Гародні адбыліся мерапрыемствы, звязаныя з 75-й гадавінай Катынскай трагедыі і пятымі ўгодкамі польскай авіякатастрофы пад Смаленскам. Актывісты і кіраўніцтва незарэгістраванага СПБ, польскія дыпламаты і генеральны консул Рэчы Паспалітай,  якія працуюць у Гародні, аддалі  даніну памяці загінулым палякам, усклалі вянкі і запалілі знічы да Катынскага Крыжа на Гарадзенскіх  гарнізонных могілках. Пра сённяшні дзень Беларускаму Радыё Рацыя распавядае старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс:

– 75 гадоў таму аддзел НКУС пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Войска Польскага ў Катыні, Курапатах. Сярод расстраляных была інтэлігенцыя, лекары, ваенныя. Гэта вялікая трагедыя ХХ стагоддзя. Сёння мы адзначаем таксама пятую гадавіну самленскай авіякатастрофы, калі загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яшчэ 95 чалавек эліты Польшчы. Гэта чорная дата ў гісторыі, я думаю, кожнага паляка, якую нельга выдаліць з памяці.

Скончылася мерапрыемства імшой у гарадзенскім Пабернардынскім касцёле.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня