Дарога праз Чэрыкаў, Чавусы і Краснаполле



У выхадныя дні лепш у Чэрыкаў, Чавусы ці Краснаполле не трапляць. Здаецца ў гэтых невялікіх гарадках Магілёўскай вобласці ніхто не жыве: альбо людзі кудысь выехалі, альбо ўсе паўміралі. Цішыня анямелая, сям-там праедзе машына, ці нехта з мясцовых абарыгенаў прабяжыцца ў мясцовую краму купіць бутэльку “чарніла” і ўсё.

Калі ў Чэрыкаў заязджаеш з боку Магілёва, бачна, як на вас нацэліў сваю вінтоўку скульптурны мужык, здалёк нечым падобны на вядомага ў Беларусі чалавека. Воддаль ад яго “гуляюць” дзік і лось. Ён, нібыта, цэліцца ў іх, але, калі едзеш па шашы, здаецца, што цэліць ва ўсіх тых, хто хоча трапіць у Чэрыкаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

За чалавекам з вінтоўкай гасцей вітае банер “Вас приветствует Чериков!”. Спахапіўшыся думаеш, ці гэта ты на Бацькаўшчыне, ці ўжо пераехаў мяжу і трапіў у Расію. Ды і надалей нідзе роднай мовы ўбачыць не ўдалося. Кінулася ў вочы толькі, што нумарацыя дамоў і назвы вуліц напісаны вялікімі лічбамі і літарамі на будынках.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сумна і бязлюдна ў суботу выглядалі і Чавусы. Запомніўся будынак мясцовага музея, які месціцца ў доме былога дзяржаўнага скарбу. Ён быў пабудаваны ў 1902 годзе. Усё астатняе, а таксама назвы вуліц і плошчаў, помнікі Леніну і помнікі апошняй вайны нагадваюць, што гісторыя гэтых гарадоў пачынаецца дзесьці з 1941 года.

Пуста выглядала і лістападаўскае Краснаполле. Праўда, працавала кафэ “Сосны”. Там удалося паабедаць і выпіць сто грамаў мясцовай гарэлкі, пасля якой сушыла ў роце і кідала ў пот. Што гэта была за гарэлка і чыя яна – цяжка адказаць без аналізу экспертаў. У кафэ людзей не было, як і на вуліцах пасёлка. Ходзячы па Краснаполлі, прыгадваліся вершаваныя радкі вядомага краснапольскага паэта Аляксея Пысіна:

Расступаюцца сосны, і поле

Мне прыносіць жытнёвы паклон.

Добры дзень, добры дзень, Краснаполле,

Салаўіны, глыбінны раён…

І, сапраўды, глыбінны. А вось што датычыць салаўінага – дык цяжка сказаць, ці ён сёння салаўіны ці песенны. Найхутчэй сумны і адзінокі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Магілёўская вобласць

Фота аўтара.