Дэкрэт аб “дармаедах” – удар па сацыяльна неабароненым насельніцтве



Юрыст-праваабаронца Павел Сапелка распавядае, па кім б’е дэкрэт аб “дармаедах”.

Павел Сапелка: У першую чаргу гэты дакумент б’е па канстытуцыйных правах беларусаў, бо ўжо не раз адзначалася, што тут парушаецца Асноўны закон у той частцы, дзе забараняецца прымусовая праца. Але ж дзяржава лічыць інакш. А церпяць ад гэтага тыя, каму дзяржава альбо айчынны бізнес не можа прадаставіць нармальныя ўмовы для працы і нармальны заробак, каб чалавек мог забяспечыць і сябе, і сям’ю.  А далей кожны выбірае тое, што яму бліжэй. Нехта наогул не хоча нідзе працаваць. Хтосьці накіроўваецца на заробкі за мяжу. Дзяржаву дзесяцігоддзямі не цікавіла, як выжываюць тыя людзі, якія па тых ці іншых прычынах не працуюць, а сёння яны кажуць ім: “Кампенсуйце дзяржаўныя выдаткі”. Але чалавек, які ходзіць у краму, ужо ўдзельнічае ў дзяржаўным фінансаванні. Нават БАМЖы, якія купляюць гарэлку, дапамагаюць такім айчыннай алкагольнай прамысловасці. Тыя ж, хто працуе за мяжой, прывозяць у краіну валюту.

РР: Ці б’е дэкрэт па сацыяльна неаброененым слаях насельніцтва?

Павел Сапелка: Безумоўна, ён жа закранае тых, хто рэальна не можа знайсці сёння працу. У краіне павялічваецца беспрацоўе, многія вымушаны звальняцца, бо з імі не працягваюць кантракты, але атрымліваецца, што яны таксама павінны ўдзельнічаць у сацыяльных выдатках. Паўтаруся, такая палітыка няправільная, і, думаю, з часам улады гэта зразумеюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя